Вы здесь

Функцыянальнае насычэнне сучасных прыходскіх храмаў БПЦ

УДК 726.5 (476)

В статье анализируется функциональное насыщение приходских храмов БПЦ, возведённых в период 1991-2013 гг. Выявляются основные группы помецений, представляющие разнообразные функции: богослужебную, служебно-бытовую, просветительскую, благотворительную, хозяйственную, торговую и инженерно-техническую. Определяется их роль в планировке храма, основные характеристики, местоположение. Формулируются общие, как правило, оптимальные требования к приходским храмам разной типологии.

Уводзіны

Праваслаўны храм азначае Царства Божае ў адзінстве Боскага, нябеснага і зямнога [1, с. 6] і мае за прататып Маісееву скінію, першы і другі Іерусалімскія храмы, якія мелі трохчастковае дзяленне: святое святых, свяцілішча і двор. У хрысціянскіх цэрквах гэта дзяленне стала найбольш распаўсюджаным і ўвасобілася ў алтары, малітоўнай зале, бабінцы - структуры, якая была распрацавана і асвечана Царк- вою ў часы Візантыйскай імперыі. Прынцыповая арганізацыя і сімвалічнае значэнне частак храма, яго асноўнае прызначэнне - царкоўнае богаслужэнне, распрацаваныя раней, захавалася і сёння. Але ў розныя часы і ў розных частках свету з’яўляліся адмысловыя рысы, якія адлюстроўвалі нацыянальную сама- бытнасць праваслаўнай архітэктуры і спецыфіку служэння царквы на кожным гістарычным этапе хрысціянства [3 , с. 79-80], што ў поўнай ступені характэрна і для сучаснага бела- рускага храмабудаўніцтва.

Асноўная частка

Функцыянальныя рашэнні сучасных праваслаўных цэркваў Беларусі захоўваюць традыцыю хрысціянскага дойлідства і прадстаўлены 7 групамі памяшканняў, з якіх 6 традыцыйныя: 1) богаслужбовая; 2) службова-бытавая; 3) асветніцкая; 4) дабрачынная; 5) гаспадарчая; 6) ганд- лёвая; і адна новая, якая пачала актыўна ўдзельнічаць у формаўтварэнні храма з ХХ ст., 7) інжынерна-тэхнічная. Апошняя пазіцыя прапануецца ў дапаўненне да памяшканняў, адлюстраваных у ТКП 45-3.02-83-2007 “Культавыя будынкі і збудаванні” [2, с. 5].

Богаслужбовая функцыя адыгрывае ключавую ролю ў структуры царквы і з’яўляецца духоўным і кампазіцыйным ядром кожнага храма, яна заўсёды прадстаўлена такімі планіровачна-вылучанымі зонамі, як алтар, салея, амбон, клірас і малітоўная зала, часта дапаўняецца трапезнай, бабінцам, хорамі, званіцай, часам - хрысцільняй, залай для адпявання.

Алтар з’яўляецца найсвяцейшай часткай храма, у якой зна- ходзяцца элементы царкоўнага начыння адмысловай духоўнай значнасці [1, с. 24], служацца найбольш важныя часткі набажэнстваў. Асаблівая духоўная і сімвалічная значнасць ал- тара часта падкрэсліваецца стварэннем на яго аснове такога архітэктурнага элемента, як апсіда. У інтэр’еры выключнасць алтара выяўляецца ўладкаваннем іканастаса альбо алтарнай перагародкі, якія аддзяляюць яго ад малітоўнай залы.

Салея размяшчаецца з захаду ад алтара, адасабляецца ад яго іканастасам і з’яўляецца своеасаблівым памежжам дзвюх функцыянальных зон, для святарства і вернікаў. У яе цэнтры, выступаючы ў малітоўную залу, знаходзіцца амбон - месца прычашчэння, чытання асобных частак службы і казанняў. На паўночным і паўднёвых баках салеі могуць уладкоўвацца клірасы, на якіх размяшчаецца хор, часам яны аддзяляюцца ад малітоўнай залы агароджамі альбо ківотамі з абразамі.

Малітоўная зала прымыкае да салеі з захаду і з’яўляецца найбуйнейшым элементам функцыянальнай схемы храма, у ёй адбываецца большая частка кожнага набажэнства, разнастай- ныя адправы. У архітэктуры храма малітоўная зала выступае як асноўны кампанент аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, які ў спалучэнні з алтаром і салеёй увасабляе мінімальны абавяз- ковы склад праваслаўнай царквы. Дадзеная функцыянальная схема ў асноўным уласціва для малых сельскіх і пасялко- вых храмаў з невялікай колькасцю вернікаў (п. Партызанскі. Вілейскі р-н. Свята-Георгіеўская царква. Малюнак 1).

 

]]>]]>

 

У прыходскіх саборах і цэрквах для павелічэння ўмяшчальнасці храма і магчымасці служэння некалькіх літургій у адзін дзень [4, с. 14] часта ўладкоўваюцца дадат- ковыя прыдзелы. Яны размяшчаюцца з поўначы і поўдня ад- носна асноўнага кафалікона і прадстаўляюць мінімальную функцыянальную схему царквы: алтар, салея з амбонам, малітоўная зала (Лоеў. Свята-Троіцкі сабор). Вынікам ства- рэння прыдзелаў з’яўляецца ўзбуйненне аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі храма і дапаўненне яе дадатковымі элементамі.

Наступны крок у пашырэнні богаслужбовай функцыі - уладкаванне хораў у заходняй частцы храма. У выніку спа- лучэння высокіх функцыянальных, планіровачных і эстэтыч- ных якасцяў хораў яны атрымалі распаўсюджанне ў большасці сярэдніх, вялікіх, буйных і найбуйнейшых храмаў сельскіх (в. Камяніца Жыравецкая. Брэсцкі р-н. Свята-Пакроўскі храм), пасялковых (п. Краснасельскі. Ваўкавыскі р-н. Свята- Георгіеўскі храм), прыгарадных (в. Тарасава. Мінскі р-н. Свята-Раства-Багародзіцкая царква) і гарадскіх (Гомель. Свята-Аляксандра-Неўская царква) паселішчаў Беларусі.

Далейшае развіццё богаслужбовых функцый, планіровачнай структуры і павелічэнне лінейных памераў храма можа адбыва- ецца за конт стварэння трапезнай, якая прымыкае да малітоўнай залы з захаду. Яе першапачатковае значэнне, як месца правяд- зення набажэнстваў у зімовы час і грамадскіх патрэб вернікаў, было страчана і яна стала прадаўжэннем малітоўнай залы, якая вылучаецца ў аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і часам у планіровачным рашэнні царквы.

Бабінец, які ў раннім хрысціянстве меў вялікае духоўнае, сімвалічнае і практычнае значэнне і месціўся з захаду ад малітоўнай залы, страціў першапачатковую адметнасць і ва ўмовах сучаснай царкоўнай практыкі ў асноўным выкарыстоўваецца як уваходная зона храма з гандлёвай функцыяй, часам выконвае функцыю тамбура. Планіровачнае размежаванне богаслужбовай і гандлёвай функцыі, якое адбываецца пры стварэнні бабінца, спрыяе максімальнай канцэнтрацыі вернікаў на набажэнстве, што робіць уладкоўванне яго вельмі пажаданым, асабліва важна гэта для пасялковых, прыгарадных і гарадскіх храмаў са знач- най колькасцю вернікаў.

Важная роля ў фарміраванні архітэктуры праваслаўнага храма належыць званіцы, у першую чаргу ёй адводзіцца функцыя гукавога інфармавання аб пачатку набажэнства і акцэнтавання ўвагі на асобных яго частках, у другую – роля кампазіцыйнай дамінанты будынка царквы альбо ўсяго пры- ходскага комплексу. Калі званіца ўваходзіць у аб’ём храма, яна функцыянальна звязваецца з бабінцам альбо трапезнай, адкуль звычайна ўладкоўваецца пад’ём да званоў.

Адмысловую духоўную і структурна-фарміруючую ролю ў храмабудаўніцтве адыгрывае хрысцільня, якая можа мець на- ступныя планіровачныя рашэнні: вылучаная зона ў малітоўнай зале, сумежнае з малітоўнай залай памяшканне, асобная пабу- дова. Асноўным элементам хрысцільні з’яўляецца купель, якая можа быць стацыянарнай альбо пераноснай, у адпаведнасці з чым вырашаецца ўнутраная прастора і вызначаецца яе роля ў фарміраванні архітэктуры ўсяго храма.

Найбольш просты варыянт правядзення хрышчэння, які мінімальна ўплывае на планіровачнае рашэнне храма, - выка- рыстанне пераноснай купелі, якая на час таінства размяшчаец- ца ў цэнтральнай частцы малітоўнай залы, а потым пераносіцца ў дапаможнае памяшканне альбо перыферыйную зону царквы. Такі падыход больш характэрны для храмаў малых і сярэдніх памераў. Для сельскіх, пасялковых і прыгарадных цэркваў ён з’яўляецца аптымальным, што абумоўлена адносна невялікай колькасцю жадаючых прыняць таінства хрышчэння (в. Старое Сяло. Мінскі р-н. Свята-Раства-Багародзіцкая царква), а для го- рада з дастаткова вялікім аб’ёмам неафітаў толькі як часовае рашэнне новаствораных прыходаў.

Наступны варыянт - размяшчэнне стацыянарнай купелі ў малітоўнай зале. Такое рашэнне абумоўлена значнай коль- касцю людзей, якія жадаюць прыняць таінства хрышчэння, але не можа быць вырашана як самастойнае памяшканне ў сувязі са сцяснёнымі планіровачнымі ўмовамі. Дадзены па- дыход уласцівы для вялікіх храмаў цэнтральных гістарычных частак найбуйнейшых гарадоў (Мінск. Свята-Петрапаўлаўскі сабор, купель была размяшчана ў паўночна-заходней част- цы і займае фрагмент малітоўнай залы). Падчас таінства зона хрышчэння агароджваецца, але, нягледзячы на гэта, відавочным застаецца накладанне адна на адну разнастайных функцый, што стварае дыскамфортныя ўмовы як для тых, хто хрысціцца, так і для іншых наведвальнікаў сабора.

Аптымальным варыянтам размяшчэння хрысцільні для сярэдніх, вялікіх, буйных і найбуйнейшых храмаў гарадоў з’яўляецца выкарыстанне асобнага памяшкання, якое, як правіла, размяшчаецца ў цокальнай частцы альбо сутарэнні (Мінск. Царква ў гонар абраза Божай Маці “Неўпіваемая чаша”. Малюнак 2). Дадзены падыход атрымаў максімальнае распаўсюджанне ў сучаснай практыцы храмабудавання, дзя- куючы планіровачнай кампактнасці, зручнасці выкарыстан- ня, фінансавай даступнасці і магчымасці ўзбуйнення аб’ёмна- прасторавай кампазіцыі царквы.

 

]]>]]>

 

Зала для адпяванняў у асноўным характэрна для капліц, якія размешчаны на могілках і выкарыстоўваюцца толькі для названай мэты. Пры варыянце ўзвядзення храма зала для ад- пявання не вылучаецца ў самастойнае памяшканне, а абрад здзяйсняецца ў малітоўнай зале. Такое рашэнне ўласціва для сельскіх цэркваў, дзе спалучаецца прыходская і пахавальная функцыя (в. Псуя. Глыбоцкі р-н. Свята-Троіцкая царква).

Службова-бытавая функцыя з’яўляецца другой па значнасці пасля богаслужбовай і цесна ўзаемадзейнічае з ёй. Узбагачэнне архітэктуры храма рызніцай і панамаркай - першы этап па насычэнні храма службова-бытавымі памяшканнямі, якія маюць за асноўную задачу стварэнне максімальна спры- яльных умоў для адпраўлення набажэнстваў і служэння кліру. Вельмі пажадана ўладкоўваць іх у цэрквах, дзе службы адбы- ваюцца рэгулярна, а гэта, як правіла, пасялковыя, прыгарад- ныя і гарадскія храмы. Рызніца дазваляе вызваліць памяш- канне алтара ад богаслужбовых рэчаў і ўбораў святароў, якія выкарыстоўваюцца эпізадычна; панамарка арганізуе месца падрыхтоўкі да службаў кадзілаў, цеплыні і інш., захоўвання прыналежнасцяў панамара (Малюнак 2).

Далейшае развіццё службова-бытавых памяшканняў адбываецца за конт кабінета настаяцеля, памяшкання кліру і страўні (трапезнай). Яны могуць размяшчацца як паасоб- ку, так і групай з некалькіх памяшканняў (Магілёў. Спаса- Праабражэнскі сабор), што характэрна для прыгарадных і гарадскіх храмаў, дзе адбываецца актыўнае прыходскае жыц- цё са значнай колькасцю вернікаў.

Асветніцкая функцыя, ў параўнанні з богаслужбовай і службова-бытавой, адлюстроўвае спецыфіку місіянерскага служэння канкрэтнага прыходу і можа быць прадстаўлена нядзельнай школай, бібліятэкай, залай для лекцый. Развіццё названай функцыі залежыць ад велічыні паселішча і месцаз- находжання храма ў яго структуры, колькасці вернікаў пры- ходу і іх дэмаграфічнага складу. Мінімальнае ўвасабленне адукацыйнай функцыі - мінібібліятэка, якая ўяўляе са- бой невялікі збор кніг на палічках малітоўнай залы альбо бабінца, здольная забяспечыць веданне асноў праваслаўнага веравучэння. Такі варыянт з’яўляецца аптымальным для ма- лых сельскіх храмаў з невялікай колькасцю вернікаў сталага ўзросту (в. Хатынічы. Ганцавіцкі р-н. Свята-Успенскі храм).

Пры павелічэнні маштабу паселішча і прыходу, актывізацыі працы з дзецьмі і моладдзю назіраецца рост колькасці, памераў, наменклатуры памяшканняў з адука- цыйнай функцыяй. У першую чаргу гэта класы нядзельнай школы і бібліятэка, абавязковыя для гарадскіх, прыгарад- ных, часам пасялковых храмаў, у другую - лекцыйныя залы, майстэрні для прыходаў буйных і найбуйнейшых гарадоў. Далейшае развіццё функцыянальнай структуры адбываец- ца за конт стварэння курсаў катэхізатараў, іканапісцаў, якія арганізоўваюцца пры саборах і вялікіх прыходскіх храмах.

Дабрачынная функцыя праваслаўных прыходаў рас- крывае яшчэ адзін напрамак служэння царквы - сацыяль- ны і прадстаўлена, як правіла, трыма асноўнымі тыпамі памяшканняў: для брацтваў і сястрыцтваў, пакоямі раздачы дапамогі і страўняй для немаёмных.

Наяўнасць памяшканняў дадзенай групы не з’яўляецца абавязковай для ўсіх прыходаў, тым больш што асноўная дабрачынная дзейнасць праваслаўных абшчын: дапамога хворым, зняволеным, людзям у сталым узросце і інш. ад- бываецца за межамі прыходу, а кардынацыйныя зборы мо- гуць праходзіць у памяшканнях іншага прызначэння. Але, безумоўна, найбольш зручны варыянт жыццядзейнасці брацтваў і сястрыцтваў - існаванне адмысловых памяшканняў для іх (Мінск. Свята-Міхайлаўская царква). Гэта ў большай ступені адносіцца да гарадскіх храмаў, дзе прадугледзець на- званыя памяшканні ў структуры будынка царквы альбо пры- ходскага корпуса не так складана.

Гандлёвая функцыя абавязкова прысутнічае ў кожным праваслаўным храме, што тлумачыцца непарыўнай сувяз- зю яе з працэсам набажэнства (падача запісак, продаж све- чак, прасфор і інш.). Яна можа быць прадстаўлена невялікім прылаўкам непасрэдна ў малітоўнай зале, вылучацца ў сама- стойнае памяшканне ва ўваходнай зоне храма - свячны кіёск, мець асобны будынак.

Архітэктурныя якасці, памеры, асартымент, графік рабо- ты гандлёвых кропак залежаць ад тыпалогіі храма, яго мес- ца ў структуры паселішча і тыпу паселішча. Для большасці сельскіх цэркваў характэрна ўладкаванне прылаўка з невялікім абавязковым асартыментам (свечкі, духоўная літаратура, прасфоры), які дзейнічае падчас набажэнстваў (в. Малыя Бортнікі. Бабруйскі р-н. Храм у гонар Раства Іаана Прадцечы). Прыходскія храмы пасёлкаў, малых і сярэдніх гарадоў, прыгарадныя маюць, як правіла, пашыраны пералік літаратуры, царкоўных вырабаў і могуць працаваць частку альбо цэлы дзень, для чаго вылучаецца адмысловае памяш- канне свячнога кіёска (Дуброўна. Свята-Мікалаеўская царква). Вялікія прыходскія храмы і саборы вялікіх, буйных і найбуй- нейшых гарадоў маюць максімальны асартымент рэлігійнай літаратуры, ікон, прадметаў царкоўнага начыння і гандлююць на працягу ўсяго дня. Стварэнне на аснове гандлёвай функцыі прыбудаваных альбо асобных будынкаў актыўна ўдзельнічае ў фарміраванні архітэктурнай кампазіцыі культавага аб’екту (Мінск. царкоўная крама, сумежная з царквой у гонар абраза Божай Маці “Дзяржаўны”. Малюнак 3).

 

]]>]]>

 

Гаспадарчая функцыя закранае розныя бакі дзейнасці прыходу і храма, але мае ўстойлівую тэндэнцыю павелічэння з ростам лінейных памераў царквы. Так, у малых і сярэдніх храмах яна можа быць прадстаўлена толькі памяшканнем для прыбіральнага інвентара (характэрна для большасці сельскіх і пасялковых цэркваў), а ў вялікіх, буйных і найбуйнейшых храмах гарадоў - значнай колькасцю памяшканняў з гаспа- дарчай, дапаможнай і вытворчай спецыфікай.

Інжынерна-тэхнічныя памяшканні пачалі актыўна ўдзельнічаць у фарміраванні функцыянальна-планіровачнай структуры і аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі храмаў з ХХ ст. Асноўнай прычынай іх узнікнення з’яўляецца забеспячэнне камфортных умоў выкарыстання памяшканняў і ўвядзенне ў структуру храма разнастайных функцый са спецыфічнымі патрабаваннямі па эксплуатацыі. Гэта могуць быць як невялікія топачныя, характэрныя для сельскіх і пасялковых, часам прыгарадных і гарадскіх цэркваў (Маладзечна. Храм у гонар Усіх Святых), якія сустракаліся і ў ранейшых будынках, так і сучасныя сістэмы вентыляцыі, вузлы ўліку цяпла, пом- павыя, электрашчытавыя і інш. (Мінск. Свята-Міхайлаўская царква. Малюнак 4) у прыгарадных і гарадскіх храмах. Увяд- зенне ў структуру царквы названых памяшканняў пашырае функцыянальна-планіровачную насычанасць будынка, спры- яе ўзбуйненню яго аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі.

 

]]>]]>

 

Максімальнай функцыянальнай насычанасці дасягаюць храмы, якія знаходзяцца ў цэнтральных частках гарадоў. З аддаленнем ад грамадскіх цэнтраў спектр і маштабы служэн- ня памяншаюцца (Магілёў. Храм у гонар абраза Божай Маці “Казанскі”), але кропкава могуць узнікаць шматфункцыя- нальныя праваслаўныя комплексы, як духоўныя цэнтры раён- нага значэння (Пінск. Свята-Фёдараўскі сабор).

Дадатковым аспектам функцыянавання праваслаўных храмаў з’яўляецца графік іх выкарыстання ў залежнасці ад тыпалогіі і сезону. Так, у саборах і вялікіх прыходскіх храмах буйных і найбуйнейшых гарадоў набажэнствы праходзяць штод- зённа, на працягу году выкарыстоўваюцца памяшканні іншага прызначэння (асветніцкія, дабрачынныя, гандлёвыя і інш.)

Набажэнствы ў сярэдніх і малых прыходскіх храмах прыгарадаў, гарадоў праходзяць у суботу і нядзелю, а ганд- лёвая і асветніцкая функцыя можа здзяйсняцца па больш шчыльным графіку. Прыход-скае жыццё пасялковых і сельскіх цэркваў носіць штотыднёвы характар. Пэўная коль- касць сельскіх прыходскіх храмаў, асабліва ў малых вёсках, выкарыстоўваецца эпізадычна, у асноўным на прастольныя і вялікія царкоўныя святы.


Паводле сезоннага выкарыстання вылучаюцца летнія і зімнія цэрквы. Такая з’ява ўласціва ў асноўным для сельскіх паселішчаў, дзе побач з вялікім старадаўнім летнім храмам узводзіцца невялікая зімняя царква (в. Цялядавічы. Капыльскі р-н. Свята-Троіцкі прыход), абумоўлена гэта малой колькасцю вернікаў асобных прыходаў і цяжкасцю ацяплення вялікага хра- ма. У пасялковых і гарадскіх цэрквах часта выкарыстоўваецца прыём вылучэння асобнага прыдзелу альбо часткі царквы для набажэнстваў у зімні перыяд (Лагойск. Свята-Мікалаеўская царква), гэта дазваляе захоўваць функцыянальна-планіровачную кампактнасць прыходскага комплексу і фарміраваць значны па маштабах будынак храма. Такое рашэнне ў большай ступені, чым будаўніцтва асобнага будынку зімняй царквы, адпавядае тэндэнцыям сучаснага храмабудаўніцтва, дзе злучаюцца ў апты- мальную сістэму эстэтычныя, функцыянальна-планіровачныя і эканамічныя фактары.

Высновы

На падставе аналіза архітэктуры прыходскіх цэркваў Беларусі (1991-2013 гг.) і характара іх дзейнасці выяўлены агульныя патрабаванні да функцыянальнага насычэння хра- ма ў залежнасці ад яго тыпалогіі:


  • сельскія храмы: богаслужбовыя (алтар, салея, ам- бон, клірас, малітоўная зала); гандлёвыя (прылавак); гаспадарчыя (прыбіральны інвентар); інжынерна- тэхнічныя (топачная) памяшканні і зоны. Маг- чымасць вылучэння адасобленай часткі царквы з аўтаномным ацяпленнем для набажэнстваў у зімні перыяд альбо будаўніцтва малога зімняга храма;

  • пасялковыя храмы: богаслужбовыя (алтар, са- лея, амбон, клірас, малітоўная зала, хоры, бабінец, званіца), службова-бытавыя (рызніца, панамарка); гандлёвыя (прылавак, свячны кіёск); гаспадарчыя (прыбіральны інвентар); інжынерна-тэхнічныя (то- пачная) памяшканні і зоны;

  • прыгарадныя храмы: богаслужбовыя (алтар, салея, амбон, клірас, малітоўная зала, хоры, бабінец, званіца), службова-бытавыя (рызніца, панамарка, кабінет на- стаяцеля, памяшканне кліру, страўня); асветніцкія (нядзельная школа, бібліятэка); гандлёвыя (свячны кіёск); гаспадарчыя (прыбіральны інвентар, туалет); інжынерна-тэхнічныя (топачная альбо вузел уліку цяп- ла, помпавая, электрашчытавая) памяшканні і зоны;

  • гарадскія цэрквы: богаслужбовыя (алтар, салея, ам- бон, клірас, малітоўная зала, хоры, бабінец, званіца, хрысцільня, дадатковыя прыдзелы), службова-быта- выя (рызніца, панамарка, кабінет настаяцеля, памяш- канне кліру, страўня); асветніцкія (нядзельная школа, бібліятэка); дабрачынныя (памяшканне для брацтваў і сястрыцтваў); гандлёвыя (свячны кіёск, царкоўная крама); гаспадарчыя (прыбіральны інвентар, туалет); інжынерна-тэхнічныя (венткамера, вузел уліку цяп- ла, помпавая, электрашчытавая) памяшканні і зоны; гарадскія саборы: богаслужбовыя (алтар, салея, ам- бон, клірас, малітоўная зала, бабінец, хоры, званіца, дадатковыя прыдзелы), службова-бытавыя (рызніца, панамарка, кабінет настаяцеля, памяшканне кліру, страўня); асветніцкія (бібліятэка, нядзельная шко- ла), дабрачынныя (памяшканне для брацтваў і сястрыцтваў); гандлёвыя (свячны кіёск, царкоўная крама); гаспадарчыя (прыбіральны інвентар, туалет); інжынерна-тэхнічныя (венткамера, вузел уліку цяп- ла, помпавая, электрашчытавая) памяшканні і зоны.


 


Літаратура

Калйнйна, Г. Сймволйка й устройство православного храма / Калйнйна. - Москва : Лепта Кнйга, Яуза-пресс, Эксмо, 2008. - 96 с.

Культовые зданйя й сооруженйя. Зданйя, сооруженйя й комплексы православных храмов. Правйла проектй- рованйя = Культавыя будынкі і збудаванні. Будынкі, збудаванні і комплексы праваслаўных храмаў. Правілы праектавання : ТКП 45-3.02-83-2007. - Введ. 01.04.08. - Мйнск: РУП «Стройтехнорм», 2008. - 44 с.

Настольная кнйга свяценнослужытеля / По благосло- венйю Святейшего Патрйарха Московского й всея Русй Пймена. - Москва ; Язд. Моск. Патрйархйй, 1983. - Т. 4. - 824 с.

Православные храмы. В трех томах. Том 2. Православ- ные храмы й комплексы: Пособйе по проектйрованйю й стройтельству (к СП 31-103-99) : МДС 31-9.2003. - Введ. 01.01.03. - Москва : АХЦ «Арххрам», 2003. - 222 с.

 

 

 

 

Читайте также
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Гольшаны, пожалуй, единственное в Беларуси местечко, которое сохранило свое архитектурное лицо. Что ни дом — то бывшая мастерская, или лавка, или...
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Геннадий Штейнман XVIII съезд Белорусского союза архитекторов завершил свою работу. Еще долго мы будем обсуждать его решения, осмысляя свои и чужие...
02.09.2003 / просмотров: [totalcount]
Внутриквартальная территория, прилегающая к нескольким недавно выстроенным архитектурным комплексам, расположенным у перекрестка улицы Немига (точнее...