Вы здесь

Чалавек і руіны (нататкі з падарожжаў па Магілёўскай вобласці)

На абшарах Беларусі ёсць шмат цікавых гістарычных архітэктурных аб’ектаў. І асаблівую прыцягальнасць маюць неэксплуатуемыя будынкі, збудаванні ды проста руіны, што знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. Яны моўчкі стаяць у вясковай цішыні, здаецца, усімі пакінутыя, забытыя і адзінокія…

Нямала такіх аб’ектаў ёсць у Магілёўскай вобласці. Адзін з найбольш знакамітых – касцёл св. Мікалая XVIII ст. у в. Княжыцы Магілёўскага раёна (фота 1). Яшчэ ў 2007 г. вакол яго стаялі будаўнічыя рыштаванні. Зараз будынак абнесены агароджай. Дзякуючы ўражальным памерам касцёла яго высокія вежы бачны яшчэ з трасы пры пад’ездзе з боку Мінска ці Магілёва. А едучы ці ідучы да касцёла па мясцовых вулачках, заўсёды пераконваешся, што ён застаецца галоўнай дамінантай ва ўсім паселішчы, і ад яго немагчыма адарваць погляд. Касцёл выглядае такім велічэзным, нібы той галоўны будынак МДУ ў Маскве, які здаецца блізкім яшчэ за дзве станцыі метро, але з кожным кіламетрам не набліжаецца ні на сантыметр. Аднак, падышоўшы да касцёла, становіцца добра бачна, што з трох бакоў ён сціснуты магазінам, вуліцай з аўтобусным прыпынкам і суседскім агародам. Успрымаць яго цалкам даволі цяжка: адысці амаль няма куды, бо на другім баку вуліцы – усюды агароджы і дрэўцы ў скверы пры помніку воінам, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне; да таго ж карціна “ўпрыгожана” бетоннымі слупамі электраперадач з правадамі – злоснымі прадстаўнікамі урбанізацыі.

Падобная сітуацыя і з касцёлам св. Казіміра (пачатак XIX ст.) у в. Расна Дрыбінскага раёна (фота 2), які ўвогуле запіхнуты “на выселкі”, напэўна, каб яго ніхто не бачыў. Ён таксама сціснуты з бакоў сельскімі сядзібамі і дамамі, “аздоблены” лініяй электраперадач, а калі ідуць працяглыя дажджы – ля самага ўваходу з’яўляецца вялізная лужына. Тут успамінаюцца касцёл св. Станіслава ў Магілёве і касцёл св. Роха ў Мінску, якія ў свой час былі так “замураваны” ў жылыя двары, што зараз пра іх многія з магілеўчан і мінчан нават не ведаюць. Уявіце, якія запамінальныя асяроддзі можна было б арганізаваць, калі б гэтага не здарылася!

У в. Ануфрыева (што каля аграгарадка Сялец у Мсціслаўскім раёне) стаіць царква св. Ануфрыя (2-я палова XVIII ст.) (фота 3). Раней яна ўваходзіла ў склад манастыра, заснаванага тут каля 600 год таму, а зараз гэта ўжо руіны. Высачэзная вежа-званіца відаць нават з Сяльца (фота 4). Яе ні з чым не зблытаеш.

Ды і ўвогуле большасць такіх гістарычных будынкаў і збудаванняў маюць агульную асаблівасць – яны нібы гавораць нам: “Паглядзі ўвысь, уздымі галаву!” Іх бачна здалёк, яны з’яўляюцца неад’емным дамінуючым элементам у забудове як аграгарадкоў, так і радавых сельскіх паселішчаў. Званіца Успенскага манастыра ў Пустынках (Мсціслаўскі раён) (фота 5–7) відаць яшчэ з дарогі пры пад’ездзе да манастыра, за два кіламетры (фота 8). На жаль, гэтыя акцэнты ніяк не выкарыстоўваюцца пры будаўніцтве аграгарадкоў, а гістарычныя аб’екты-руіны застаюцца некранутымі.

Што рабіць з гэтымі аб’ектамі? Зразумела, простага ўключэння іх у лік гісторыка-культурных каштоўнасцей адназначна недастаткова. На практыцы атрымліваецца так, што гэтым усё і абмяжоўваецца: прымацавалі шыльдачкі – і разбегліся. Няхай, маўляў, там нейкае “прычыненне шкоды” і “караецца па законе”, але ж такія знаходкі ўнутры будынкаў, як пустыя бутэлькі ці банкі з-пад піва ды надпісы на сценах накшталт “тут быў Вася”, – нічым іншым, як вандалізмам, назваць нельга.

У Княжыцах касцёл старанна абнесены зялёнай агароджай, здаецца, і падысці нельга. Але ў агароджы ёсць дзірка, праз якую ўсе і лазяць. З якой жа нагоды была пастаўлена гэтая агароджа – сказаць цяжка. Можа, каб уздзейнічаць псіхалагічна, можа, каб аберагчы будынак ад хатняй жывёлы. Апошняе, дарэчы, сапраўды дапамагае. Напрыклад, ля руінаў царквы XIX ст. у в. Колтава Мсціслаўскага раёна (фота 9) мірна пасвяцца козы. Таму тут, як нідзе, трава нізенькая і прыгожая: яны ўсё сашчыпалі. З гэтага боку добра, што яны там пасвяцца, а з іншага…

У в. Басценавічы (Мсціслаўскі раён) ёсць старая драўляная царква (фота 10). Можа, не вельмі прыкметная, але стаіць яна тут ужо больш за сто гадоў. І вось не так даўно з яе былі знятыя дах і купалы, спілаваны старыя ліпкі, што раслі наўкола [1], і невядома, што будзе далей…

Аб’екты даўніны з кожным годам пакрыху разбураюцца – адны самі, пад уздзеяннем прыродных фактараў ды сілы прыцяжэння зямлі, другія – “дзякуючы” “добраму” чалавеку. У некаторыя збудаванні ўжо і заходзіць страшна. Таму зусім не лішнімі здаюцца, напрыклад, шыльдачкі ды знакі з перасцерагальнымі надпісамі: “Стой! Небяспечная зона!”, усталяваныя паўсюдна на тэрыторыі манастыра ў Пустынках.

Дык вось, калі мы не збіраемся рэстаўраваць такія аб’екты (няма грошай, магчымасцяў, жадання), мабыць, ёсць сэнс у тым, каб зрабіць іх аб’ектамі актыўнага турызму. Але тут усплывае шэраг праблем: гэта і маршруты экскурсій, якія павінны быць розныя для кожнага адпраўнога пункта (раённага цэнтра, у якім ёсць бюро турысцкіх паслуг), і сумныя экскурсаводы, і малая інфармаванасць насельніцтва пра гісторыю і нават месцазнаходжанне аб’ектаў, і, канешне, турысцкая інфраструктура, якой амаль нідзе няма – крамы ля гістарычных неэксплуатуемых будынкаў ёсць хіба толькі
ў Княжыцах, Расна ды ў суседнім з Ануфрыевам аграгарадку Сялец, добрыя аўтастаянкі – у Пустынках (прыкладна на дзесяць месцаў) і ў Расна (нават з месцам для адпачынку), веластаянкі ля крам таксама рэдкія (а/г Сялец).

Асобным прыкладам “ціхага” жыцця вясковых руінаў можа быць Чырвоная царква ў в. Малыя Шарыпы Горацкага раёна (фота 11), пра якую наогул няма ніякіх звестак у літаратурных крыніцах. А між тым, па словах аднаго з мясцовых жыхароў (М.Е. Іванова), царква была пабудавана ў 1913 г. у гонар трохсотгоддзя дома Раманавых, дзеля чаго спецыяльна запрасілі калужскіх майстроў. Таксама спецыяльна быў пабудаваны і цагельны завод. Царква мела два купалы, фасады багата аздобленыя архітэктурнымі дэталямі: сандрыкамі, пілястрамі, паяскамі, нішамі, карнізамі, аркамі, крыжыкамі і інш.

Але ўжо прыкладна ў 1926 г. царкву зачынілі. Пасля вайны, у 1950-х гадах, у будынку была крама, потым – склад. Дзесьці ў гэты час, напэўна, яшчэ існаваў і прыгожы трайны арачны ганак на ўваходзе. Працаваў і цагельны завод – шмат чаго было ўжо разбурана, але сырэц яшчэ выраблялі. Дарэчы, пасля вайны Шарыпы з’яўляліся адным з буйнейшых сельскіх паселішчаў у Горацкім раёне (зараз гэта нават не аграгарадок).

Царква знаходзіцца на правым беразе р. Пнеўка, пры пад’ездзе з боку Вялікіх Шарыпаў добра праглядваюцца яе вежы, асабліва ўсходняя, якая больш за заходнюю і лепш захавалася. Злева ад галоўнага фасада ёсць заасфальтаваная пляцоўка з выездам на дарогу. Пляцоўка зарасла травою, але і зараз на машыне можна бесперашкодна пад’ехаць да царквы. Перад галоўным уваходам калісьці раслі дзве ліпы ўзростам каля 90 год, былі яны вышэй за царкву, і на іх жылі вавёркі. Зараз на іх месцы толькі вялізныя пні. А спілавалі іх зусім нядаўна, кажуць, з-за боязі, што яны могуць абваліцца.

Адзінае, што ўдалося знайсці ў літаратурных крыніцах, – тое, што ў 1885 г. у Шарыпах была царква [2]. Але гэта, мабыць, адносіцца да драўлянай царквы, што стаяла тут да цаглянай. Фундамент яе, кажуць, яшчэ захаваўся.

Цікавых аб’ектаў ў сельскай мясцовасці Магілёўшчыны значна больш, чым апісана ў гэтым артыкуле, – звесткі пра іх можна прачытаць у навуковай ці вучэбнай літаратуры, інтэрнэце. Але лепш з’ездзіць самому і паглядзець на іх своеасаблівае хараство. Бо ўбачыць на фотаздымках – гэта адно, а ўбачыць на свае вочы – зусім іншае! І калі да такіх аб’ектаў пратопчуцца сцежачкі – проста цудоўна: будынак не можа жыць без людзей, бо без іх ён ужо не будынак, а руіны…

Не так даўно адзін з аўтараў часопіса пісаў, што трэба “полюбить руины” [3]. Не ведаю, як хто, а я іх ўжо палюбіў. Можа, не я адзін?

Літаратура

1. Radzima.org [Электронный ресурс]. – 2002–2008. – Режим доступа: ]]>http://www.radzima.org/]]>? lang=ru. – Дата доступа: 06.08.2008.

2. Рэлігійнае жыццё ў краі Горацкага раёна // Мой край Магілёўшчына [Электронный ресурс]. – 2003. – Режим доступа: ]]>http://www.mlib.basnet.by/kray/Econom/R6P11.html. –]]> Дата доступа: 02.09.2008.

3. Сардаров, А. Архитектурное наследие и эстетика / А. Сардаров // Архитектура и строительство [Электронный ресурс]. – 2006. – Режим доступа: http://www.ais.by/content/view/973/120/. – Дата доступа: 06.08.2008.

 

 

 

 

Читайте также
22.12.2003 / просмотров: [totalcount]
Минск заметно преобразился за последнее время. Многое сделано в связи с тем, что 2003 год Мировым сообществом объявлен годом Земли. Взаимосвязи...
23.04.2004 / просмотров: [totalcount]
Архитектурно-строительное искусство, служившее всегда практическим нуждам человека, часто наделяло свои создания другим, внутренним нематериальным...
24.07.2005 / просмотров: [totalcount]
Подавляющее большинство членов Союза архитекторов – воспитанники белорусской архитектурной школы. В первые послевоенные, как, впрочем, и...