На Зямлі ёсць мясціны, спрадвеку звязаныя з Верай. Некаторыя з іх маюць цяпер толькі гістарычнае значэнне (свяцілішчы старажытных грэкаў, інкаў, егіпцян), а іншыя і зараз збіраюць людзей, якiя ўзносяць тут свае малітвы да Бога.
Такім месцам у Рыме з’яўляецца плошча Святога Пятра. Каля 2000 год таму менавіта тут, у цырку Нерона, прыняў ахвярную смерць адзін з самых вядомых першаапосталаў – Святы Пётр. Той самы Пётр, які тройчы адрокся ад свайго Настаўніка (Марк, гл. 14, 66–72), а потым прапаведаваў Веру людзям і стаў сапраўдным “Пятром” – першым “каменем” хрысціянскай царквы.
Амаль праз 500 гадоў з дня яго смерці на гэтым месцы была закладзена рэзідэнцыя каталіцкіх папаў. А яшчэ праз тысячагоддзе ў 1506 г. пачалося будаўніцтва сабора ў імя першаапостала.
Трагічны лёс Пятра дапоўніўся драматычным лёсам храма, а дакладней, яго будаўніцтва. Яно працягвалася паўтара стагоддзя, на чале стаялі лепшыя італьянскія архітэктары. Але драма заключалася ў тым, што кіраўнікі будаўніцтва раз-пораз змянялі архітэктурны праект. Гэта (мяне зразумеюць усе праектанты) заўсёды не на карысць справе, але тут здарыўся цуд: пры шматлікіх зменах сабор захаваў свой агульны дух і паўстаў вялікім шэдэўрам архітэктуры.
Знакамітыя архітэктары пад час будаўніцтва змянялі адзін аднаго, але ўсё ж трое з іх сапраўды ўклалі ў храм часцінку свайго генія. Гэта Даната Брамантэ, якому належыць галоўная ідэя праекта – крыж у плане і купал над ім, Мікельанджэла, які спраектаваў вялізны купал, і, нарэшце, Ларэнца Берніні, які аздобіў інтэр’ер і запраектаваў плошчу. Цікава, што і сам вялікі Рафаэль Санці ўдзельнічаў у распрацоўцы сабора як архітэктар і зрабіў свой уласны праект.
Архітэктурны цуд сабора – не толькі ў барацьбе ідэй і майстроў, што ўвасобілася ў цэльны помнік, але і ў відавочнай барацьбе мастацкіх плыняў: ён уяўляе сабой змену двух вялікіх стыляў: пераход ад Рэнесанса да барока.
І сапраўды – моцная кампазіцыйная і канструкцыйная аснова архітэктуры Адраджэння пераходзіць у ірэальную прыроду барока. Рэнесанс паказаў дойлідам шлях у авалоданні прасторай, барока пераўтварыла майстэрства арганізацыі прасторы ў гульню, высокую гульню з масамі, паветрам і пачуццямі чалавека.
Гэта вельмі моцна адчуваеш на плошчы, якая захапляе цябе сваёй непаўторнай чатырохраднай каланадай, што змяняе пры кожным кроку свае прапорцыі і выгляд, і асабліва ў інтэр’еры сабора – сапраўднай вяршыні архітэктурнага і мастацкага генія. Унутраная прастора храма – сімвал манументальнасці ў кампазіцыі і прапорцыях, манументальнасці, якая ніколькі не падаўляе чалавека (што часта адчуваецца ў нашых сучасных мемарыялах). Дзякуючы двум геніям – Мікельанджэла і Берніні – купал сабора ўзнёсся ўвысь, але не “вісне” сваім цяжарам над чалавекам, а нібыта лунае над ім, зіхаціць святлом і гранямі кесонаў.
Сабор змяшчае 60 тысяч вернікаў, у 10 разоў больш – плошча перад ім. Кожную нядзелю яны збіраюцца тут, калі Папа Рымскі звяртаецца да свету са сваімі малітвамі. З тымі малітвамі, у якіх Божае і Чалавечае зліваецца разам. І тады разумееш, што такое архітэктурнае майстэрства, якое нясе сапраўдная Вера – сабор у імя Святога Пятра.