Вы здесь

Белы Ковель: таямніцы старога замка

]]>]]>Большасць беларускіх замкаў размяшчаюцца пераважна на захадзе. Гэта не дзіўна, бо калісьці нашыя продкі не адзін раз бараніліся ад рыцараў-крыжакоў. Старажытная сталіца Вялікага Княства Літоўскага таксама была ў заходняй частцы краіны – спачатку ў Навагрудку, а затым у Вільні. Таму і паўставала тут абарончая лінія замкаў: Лідскі, Крэўскі, Медніцкі і інш.

Замкавыя ўмацаванні існавалі і на ўсходзе Беларусі. Адно з іх – у старажытным мястэчку Смаляны пад Оршай. Узводзіўся замак у 1620-х гг., прыкладна ў той самы час, што і знакаміты Гальшанскі. Абодва былі пабудаваны ў стылі рэнесансу, разлічаны на абарону з дапамогай запоўненага вадою рова. Ды і ў лёсах замкаў ёсць падабенства: разбураныя ў Паўночную вайну са шведамі (1700–1720), у ХІХ ст. разбіраліся на цэглу і сёння ўяўляюць з сябе адны руіны. Тым не менш замак ў Смалянах мае свае адрозненні і ўнікальныя асаблівасці.

Паселішча Смаляны вядома з канца XV ст. Некалі яно было знакаміта сваімі смалярнямі, дзе мясцовыя майстры рамантавалі чоўны. Адсюль, верагодна, пайшла і назва. Аднымі з першых уладальнікаў Смалянаў былі князі Бельскія, а самым вядомым – Канстанцін Астрожскі (1460–1530). Менавіта ён атрымаў перамогу на Крапівенскім полі пад Оршай у вайну 1514 г., калі войскі Вялікага Княства Літоўскага разбілі значна большае па колькасці маскоўскае войска. Асноўны вораг тады быў ужо не крыжак, а ўсходні сусед – Маскоўскае княства, якое імкліва набірала магутнасць. Гетману Астрожскаму за перамогу пажалавалі шэраг зямель, у тым ліку Смаляны.

Сын Канстанціна Астрожскага ад першага шлюбу не пакінуў нашчадкаў, і неўзабаве Смаляны адыходзяць да велікакняскіх уладанняў Жыгімонта І Старога (1467–1548). Відаць, ён падараваў мястэчка жонцы, ]]>]]>знакамітай італьянцы Бона Сфорца, бо надалей Смаляны і сам замак сталі звязвацца з імем гэтай жанчыны. Праўда, валоданне імі яе доўжылася зусім кароткі перыяд (прыкладна з 1539 па 1543 г.), але і сёння ў мясцовых паданнях і легендах ўзгадваецца гэтая каралеўская асоба. Паводле адной з іх, калі надыходзяць цёмныя восеньскія вечары і ніжнюю частку замка пакрывае туман, у сценах запальваецца таямнічае святло і з’яўляецца прывід жанчыны, апранутай у белую вопратку. Кажуць, гэта сама каралева Бона ходзіць па былых сваіх уладаннях…

У 1543 г. Смаляны павінны былі адысці да новага гаспадара – перабежчыка з Масквы Андрэя Курбскага, вымушанага ўцякаць ад Івана Грознага. Аднак апальны рускі князь прыняць каралеўскі падарунак пабойваўся, бо знаходзілася ўладанне не так далёка ад маскоўскай мяжы. Сітуацыю вырашыў удалы абмен, што адбыўся паміж Курбскім і князем Васiлём Сангушкам. У выніку Курбскаму дастаўся валынскi Ковель, а Сангушка атрымаў Смаляны.

]]>]]>На Украіне і Беларусі Сангушкі – даволі вядомы род, прадстаўнікі якога лічыліся сваякамі каралеўскай дынастыі Ягелонаў, былі нашчадкамі князёў Альгерда і Гедыміна. Сын Альгерда Любарт княжыў на Валыні. Менавіта яго нашчадкам, Сангушкам, з XV ст. стаў належаць горад Ковель і іншыя валынскія землі. Аднак надалей гэтая родавая лінія асела ўжо на беларускіх землях. Праз некаторы час яны ўзводзяць для сябе новую рэзідэнцыю ў Смалянах – замак.

Багацце і заможнасць роду Сангушкаў дазволілі пабудаваць ім надзейнае ўмацаванне. Узводзілі яго майстры з-за мяжы, верагодней за ўсё з Галандыі, пра што сведчаць сістэма фартыфікацыі і іншыя асаблівасці замка, напрыклад муроўка, найбольш блізкая да галандскай. Дарэчы, Сямён Сангушка (маршалак аршанскі, ваявода віцебскі і кашталян мсціслаўскі), ініцыятар будаўніцтва, вучыўся ў свой час у вядомым Інгольштадскім універсітэце (першы універсітэт у Баварыі, вядомы з 1472 г.), і добра разбіраўся ў мастацтве і архітэктуры.

Замак меў сваю ўласную назву, што рэдкасць на нашых землях: Белы, або Малы, Ковель – па назве ранейшага ўладання Сангушкаў на Валыні. Найменне «белы», верагодна, сведчыць пра тое, што ён быў афарбаваны ў белы колер.

Пабудаваны з буйной цэглы (29х13х8 см) і палявога каменя замак сумяшчаў прыгожую архітэктуру і зручную сістэму абароны. Размяшчаўся ён на рацэ Дзярноўка, спецыяльныя запруды якой абыходзілі яго з усіх бакоў, такім чынам, ён займаў астраўное палажэнне. Пра гэта сведчыць карта мясцовасці XVIII ст., дзе выразна бачна палажэнне замка і прылеглых тэрыторый.

]]>]]>Тып замка – прамавугольны ў плане з унутраным дваром – звычайны для беларускіх зямель. Памер пляцоўкі – каля 100х200 м. Уваходам служыла арачная брама-праезд. Па кутах размяшчаліся трохузроўневыя вежы, і выкарыстоўваліся яны, верагодна, як жылыя памяшканні.

Высотная дамінанта Смалянскага замка – 5-павярховая вежа з вінтавой лесвіцай. Сцены мелі прыгожае аздабленне, якое часткова захавалася і да сёняшняга часу, напрыклад рамка-картуш на ўсходняй грані вежы. Дарэчы, дагэтуль застаецца неразгаданай яго сімволіка. Ёсць меркаванне, што там мог быць змешчаны родавы герб Сангушкаў – «Пагоня». Зверху над рамкай – крыж. Увогуле дэкор замка складаўся з шматлікіх картушаў, абрамленняў аконных праёмаў, плоскай ордэрнай раскрапоўкі вежаў і інш., выкананых у стылі рэнесансу. На аздабленне палаца, па меркаванні спецыялістаў, паўплывала прысутнасць пры двары Сангушкаў італьянскага дойліда П. Фантана (1696–1765).

Інтэр’ер замка таксама прыцягваў увагу: разнастайныя каміны, печы з белай кафлі. Галоўны корпус быў арыентаваны на чатыры бакі свету, таму пакоі і залы заўсёды прамяніліся святлом. На схіле жыцця Сямён Сангушка загадаў размаляваць палац фрэскамі на біблейскія тэмы. У пакоях знаходзіліся вялікая бібліятэка, радавод Сангушкаў і інш. Нават сёння, калі замак фактычна разбураны, пра яго былую веліч і багацце княжацкага роду сведчыць тая вялікая колькасць кафлі і іншых цікавых артэфактаў, якія дагэтуль знаходзяць жыхары Смалянаў, напрыклад унікальная кафля з выявай «Пагоні», прозвішчам уладальніка «SANGVSZKO», баявая сякера і інш.

]]>]]>]]>]]>І ўсё ж уявіць замак ва ўсёй яго прыгажосці амаль немагчыма – перашкаджаюць даволі моцныя і нават татальныя разбурэнні, што адбываліся з ім цягам доўгага часу. Ён моцна пацярпеў у вайну 1654–1667 г., аднак праз некаторы час быў адноўлены. Наступная вайна на нашых землях – Паўночная (1700–1721). Падчас яе ўладальнік замка Павел Кароль Сангушка выступіў на баку шведскага караля Карла ХІІ, і ў пачатку вайны тут размясціўся шведскі гарнізон. У 1708 г. у Смалянах рускімі войскамі быў разбіты атрад шведскага генерала Каніфера, казакі штурмам узялі Белы Ковель, а сам генерал патрапіў у палон. Не маючы магчымасці ўтрымаць замак, рускія войскі адступілі, а каб не пакідаць умацаванне шведам, па загаду Пятра І узарвалі. Ён доўгі час пуставаў і прыходзіў у заняпад.

Пасля 1830 г. Смаляны разам з замкам былі канфіскаваны ў Сангушак і аддадзены ва ўласнасць калежскага асэсара Васіля Сямёнава. Ягоны сын Аляксей вырашыў разабраць замак і прадаць на цэглу. У выніку ад усяго комплексу засталася толькі 5-ярусная вежа, руіны якой мы бачым сёння.

Разборка помнікаў на цэглу – распаўсюджаная практыка таго часу. Але ўсё ж знайшліся людзі, якія ўмелі шанаваць прыгажосць і велічнасць старога помніка. У 1860–1870-х гг. Смаляны перайшлі ва ўласнасць стацкага саветніка В.А. Цітова. Ён не толькі загадаў спыніць разбор замка на цэглу, але і на ўласныя сродкі правёў частковую кансервацыю вежы, умацаваў яе невялікімі кантрфорсамі. Толькі дзякуючы малюнку мастака Юзафа Пешкі (канец XVIII ст.) яшчэ можна ўявіць, як выглядаў на той час Белы Ковель. Мы бачым разбурэнні, узарваныя карпусы, часткі сцен…

]]>]]>Смалянскі замак захоўвае шэраг таямніц, у тым ліку пра падземныя хады. Паводле легендаў іх было ажно тры. Адзін ішоў да знакамітага Куцеінскага манастыра (сёння ў межах Оршы), які будаваўся адначасова з замкам. Другі накіроўваўся ў бок старой Спаса-Праабражэнскай царквы. Па ім нібыта на тройцы коней у экіпажы ездзіла Бона Сфорца. А трэці вёў у бок в. Слабада. Як бы там ні было, але чуткі пра наяўнасць падземных хадоў уяўляюць даволі вялікую цікавасць, асабліва калі ўлічыць астраўное палажэнне замка. Магчыма, будучыя археалагічныя раскопкі дапамогуць разгадаць гэтыя замкавыя таямніцы.

Унікальным з’яўляецца той факт, што Смалянскі замак мог стаць помнікам дзяржаўнага значэння яшчэ амаль 200 год таму. А менавіта ў 1826–1827 гг., калі выйшаў першы ўказ Расійскай імперыі па ахове помнікаў старажытнасцяў («О доставлении сведений об остатках древних зданий»), паводле якога ў губернях пачалі расшукваць помнікі даўніны. Адным з такіх помнікаў называўся замак у Смалянах. Праўда, спачатку пра яго ўвогуле нічога не паведамлялася. Так, копыскі земскі суд, які збіраў звесткі пра помнікі, адзначаў: «...в Копыском повете древних зданий вовсе не находится». Тады з губернскай канцылярыі ў Магілёве паведамілі: «как известно... в Копыском повете близ местечка Смольян... находятся следы древнего здания замка польской королевы Боны». Таму неабходным вызначалася «распорядиться о описании упомянутого достойного уважения замка, доставлении оному плана и фасада в нынешнем его положении с подробным описанием». Пры гэтым «доставляя на замечание суду неосновательное донесение начальству» [4, арк. 47 аб.].

]]>]]>Некалькі разоў прадпісвалася копыскаму павятоваму землямеру наведаць Смалянскі замак і зняць яго план. Аднак вырашэнне гэтага пытання зацягвалася. Урэшце ў канцы 1827 г. землямер усё ж выехаў і, як паведамлялася, прыбыў «...в местечко Смольяны для снятия состоящего в оном польской королевы... замка, но как оный замок вовсе истреблен и фундаментов уже не видно, затем и не мог…оному малейшей съемки» [4, арк. 60]. Такім чынам, замак па незразумелых прычынах не быў выяўлены і таму не змог атрымаць статус помніка.

Разам з тым некаторыя паведамленні землямера, напрыклад «стены вовсе истреблены на разные экономические надобности», сведчаць пра тое, што на 1827 г. замак быў моцна пашкоджаны, ішла яго разборка. Можна толькі меркаваць, што калі б замак атрымаў статус помніка яшчэ ў 1820-я гг., то не адбылося б далейшага заняпаду гэтага аб’екта.

І ўсё ж ацалелыя рэшткі замка і сёння ўражваюць усіх, хто наведвае старажытнае мястэчка Смаляны. Дарэчы, у Смалянах ёсць шмат аб’ектаў, вартых увагі: адзін з самых старажытных драўляных храмаў – Спаса-Праабражэнская царква (XVIII ст.), руіны касцёла Св. Марыі (1680), Аляксееўскай царквы (1864). Ёсць яшчэ стары парк, былая панская сядзіба. На мясцовых могілках захавалася надмагілле паплечніка А. Міцкевіча – Тамаша Зана. Таму не прапусціце магчымасць наведаць Смаляны.

Спіс літаратуры

1. Ткачев, М.А. Замки Беларуси / М.А. Ткачев. – Минск: Беларусь, 2002. – 200 с.

2. Шынкевіч, А.М. Аршанская даўніна / А.М. Шынкевіч. – Мінск: Полымя, 1992. – 142 с.

3. Русецкі, А.У., Русецкі, Ю.А. Мастацкая культура Аршанскай зямлі ў канцы Х – ХІХ стагоддзі / А.У. Русецкі., Ю.А. Русецкі. – Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2002. – 232 с.

4. Нацыянальны гістарычны архіў. Ф. 2001. Воп. 1. Спр. 97. Переписка с МВД о доставлении сведений об остатках древних зданий и запрещении их разрушения (1827–1828 гг.).

5. Электронныя рэсурсы: ]]>]]>]]>http://www.tio.by/news/3802]]>, ]]>http://www.satsukevich.ucoz.ru/index/smoljanskij_zamok/0]]>–16.

 

 

 

 

Читайте также
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Целевые ориентиры. Многие малые и средние городские поселения Беларуси имеют богатую историю и обладают ценным историко-культурным наследием,...
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Туризм – одно из наиболее динамичных явлений современного мира. В последнее время он приобрел колоссальные темпы роста и масштабы влияния на...
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Гольшаны, пожалуй, единственное в Беларуси местечко, которое сохранило свое архитектурное лицо. Что ни дом — то бывшая мастерская, или лавка, или...