Вы здесь

Недасягальнае Высокае, або Пра тое, як нам далёка да Сапегаў, чые замкавыя руіны дагніваюць у беларускай глыбінцы

Спонсар рубрыкi –

ИООО "Сен-Гобен
Строительная Продукция Белрус"

Сёння, дарагі чытач, нас чакае вандроўка ў былыя сапегаўскія маёнткі, дзе мы паблукаем па велічных руінах Высокаўскага замка. Так, мы адпраўляемся ў Высокае – геаграфічна самы заходні горад у сучаснай Беларусі (ды які там горад – мястэчка-невялічка!). Ніякія шырокія магістралі тут не прабягаюць – толькі і дарог, што да Брэста, Пружанаў і Камянца. І ведаеш, мой чытач, у гэтым ёсць свой станоўчы момант: тут ніколі не бывае шмат турыстаў, а значыць, непатрэбнага нам з табой шуму. Мы пройдземся па зацішных алеях старога сапегаўскага парка, пасядзім на бастыёнах, адкуль, верагодна, палілі гарматы падчас даўно ўжо забытай Паўночнай вайны, і пагутарым пра лёс мястэчка і замкавых прывідаў...

 

Высокае – горад, узгаданы ў старых хроніках ужо ў XIV ст. Князь Гедымін, праязджаючы блізка ад яго, быў захоплены "Высокім горадам" у акружэнні чароўнай прыроды. А глядзець было на што: рака Пульва (прыток Заходняга Буга) робіць тут вялікі выгін, пакідаючы на павароце за сабой маляўнічае ўзвышша.

Вось і мы пастаім і, як Гедымін, паўзіраемся ў маляўнічыя краявіды, што радавалі вока сотням мінулых пакаленняў мясцовых жыхароў. Аднак гэтае мястэчка, нягледзячы на сваю "схаванасць" у куточку цудоўнай прыроды і аддаленасць ад цэнтраў (найперш Берасця), ніколі не было правінцыйным па ўзроўню жыцця яго насельніцтва. Хіба магло "глухое" мястэчка атрымаць магдэбургскае права ў 1494 г. – раней за ўжо тады пакрытыя славай Гародню і Полацак?.. У тыя залатыя часіны Высокае славілася сваімі кірмашамі (асабліва коннымі, жывёльнымі), броварамі (спіртавымі заводамі), ураджаямі высакаякаснага збожжа, маслабойнямі. Напачатку XVIII ст. Высокае разам з Раснай (паселішча непадалёк) прыносіла самы вялікі прыбытак у гэтым рэгіёне, не лічачы Берасця. А з 1770-х з Высокага быў адкрыты водны шлях у Гданьск. Ды і герб, атрыманы гараджанамі на пачатку XVI ст., гаворыць сам за сябе – голымі рукамі такіх не возьмеш: замкавыя вежы падкрэслівалі абарончае значэнне горада. Ён падобны на герб іншага горада на іншай, усходняй беларускай мяжы – Магілёва. І хоць звестак пра вялікія ваярскія подзвігі высакаўчан за гэтыя стагоддзі ў летапісах не засталося, але да сённяшняга дня не гасне слава аб працоўных поспехах мясцовых жыхароў: хто з нас не купляў сыры Высокаўскага завода? А сто з лішкам год таму мясцовыя гатункі збожжа былі адзначаны лепшымі ўзнагародамі на міжнародных сельскагаспадарчых выставах Расіі і Францыі1.

Што да баявой вежы на гербе, то, магчыма, знойдуцца яшчэ звесткі аб тым, што перажываў горад падчас вайны з Масковіяй (1654–1667 гг.) і Паўночнай вайны (1700-я), бо, як вядома, менавіта ў гэты час замак быў разбураны...

Герб Высокага       Герб Магiлёва

]]>]]>]]>]]>

Пасля некалькіх зменаў уладальнікаў (Храптовічы, Пяткевічы, Ёдкавічы, Хлявіцкія, Войны) землі Высокага набывае князь Павел Ян Сапега (1609–1665). У дваццаць з невялікім гадоў ён удзельнічаў у вайне з рускімі, пазней ачышчаў Берасцейшчыну ад шведскіх прыхадняў (у час шведска-польскай вайны) і ўжо ў сталым узросце атрымаў некалькі значных перамог над маскоўскімі войскамі, у т.л. над атрадамі Хаванскага ў знакамітай Палонкаўскай бітве 1660 г., займаючы на той час пасаду вялікага гетмана ВКЛ (галоўнакамандуючага)2.

У 1648 г. Павел Сапега становіцца афіцыйным гаспадаром Высокага (купляе яго ў Войнаў). Верагодна, спадзеючыся на ціхае сямейнае шчасце (у 1642 і 1643 гг. у яго нарадзіліся два сыны – Казімір і Бенядзікт), князь Павел распачынае будаўніцтва замка (хаця, магчыма, жылая княская пабудова існавала тут і пры ранейшых гаспадарах). Верагодна, што будаўніцтва працягваў і сын Бенядзікт (1643–1707), пры якім род Сапегаў дамогся нечуванай дзяржаўнай улады (фактычна ўсталяваў гегемонію – поўнае палітычнае панаванне ў княстве, за што выклікаў на сябе справядлівы гнеў і ўзброеныя напады з боку іншых шляхецкіх групіровак). Так ці іначай, прынята лічыць, што сапегаўскі замак збудаваны ў 1678–1680 гг.

Сапегі ўзвялі дом якраз на тым высокім пагорку, што так спадабаўся Гедыміну. На пагорку, а хутчэй – плато, зрабілі насыпныя валы, пракапалі наўкола равы і, выкарыстоўваючы сістэму плацін, ператварылі адну з нізін у штучнае возера (абвадненне і насып валоў выкананы пры наступным уладальніку, Міхалу Сапегу).

]]>]]>

1, 2 – сапегаўскі замак з уязной брамай у прамавугольніку валоў і равоў

4, 5 – палац Патоцкіх з афіцынамі

 

На кутах валоў, пакрытых курцінамі (цаглянай муроўкай), зроблены абарончыя бастыёны (некаторыя даследчыкі кажуць пра шэсць бастыёнаў). Дакладна вядома, што два з іх (захаваліся да нашых дзён) прыкрывалі агнём уязную браму. Брама, убудаваная ў высачэзны пярэдні вал, была двухпавярховай, мела тры праёмы для ўезду, кардыгардыю (памяшканне для стражнікаў) і збройню (сховішча зброі). З бастыёнаў у браму вялі схаваныя ўнутры валоў лазы. Да яе можна было падабрацца толькі праз пад'ёмны мост, што перакідваўся праз шырокі водны канал.

Заехаўшы на двор замка, паважаны чытач, ты быў бы не менш здзіўлены, чым на полі Ружанскага палаца з яго каланадай. У Высокаўскім замку выкарыстаны падобны прыём: гіганцкая прастора прамавугольнай формы аддзяляе браму ад галоўнага жылога корпуса. Толькі тут унутраную прастору ўтвараюць не бакавыя карпусы з каланадай, як у Ружанскім, а высокія земляныя валы па перыметры ўсяго ансамбля. Апроч таго, абодва замкі стаяць на ўзвышаным плато.

Дарэчы, знешняя аздоба ўязной брамы ў Высокім (захавалася фрагментарна) таксама нагадвае Ружанскі палац характэрнай руставанай лапаткай – прамавугольнымі рэльефнымі пліткамі на фасадзе. Магчыма, некаторыя праектна-архітэктурныя дэталі былі "падгледжаны" Паўлам Янам Сапегам у Ружанскім палацы, тым больш што ў 1656 г. ён атрымаў Ружаны па спадчыне ад далёкіх родзічаў і правёў там апошнiя гады свайго жыцця.

Пасля агромністага поля – падворка – гледачу адкрываўся сам палац, "патоплены" сярод насыпных валоў. Дарэчы, Ружанскі таксама першапачаткова быў акружаны валамі. Але Высокаўскі замак у адрозненне ад яго быў драўляны, на цагляных падмурках (валы і рэшткі падмуркаў захаваліся). Побач з замкам Міхал Сапега (1670–1738) заклаў парк і сад, які цешыў сваіх гаспадароў свежай садавіной, а ў возеры разводзілі рыбу для княскага стала. Магчыма, у гэты час у народзе і з'явіліся легенды пра казачныя багацці Сапегаў: пра баранчыка, зробленага з чыстага золата, што захоўваецца ў замкавай скарбніцы, пра катанне на санях па солі, падобна радзівілаўскім забавам у Нясвіжы. Пры Міхалу Сапегу адноўлены і Высокаўскі касцёл. Як адзначалі сучаснікі, было відаць, што ў касцёла – багатыя апекуны, бо яго сцены завешаны карцінамі вядомых айчынных і замежных мастакоў, верагодна, прынесенымі з замкавай галерэі.

                                             Брама Сапегаўскага замка, убудаваная
     Ружанскi палац               ў абарончы вал, Напалеон Орда

]]>]]>]]>]]>

А вось ускоснае пацвярджэнне таго, што "ваяўнічы" герб быў дадзены Высокаму невыпадкова: пытанне аб аднаўленні разбуранага ў Паўночнай вайне сапегаўскага замка падымалася на сейміку берасцейскай шляхты (1714), і як адзначаў пісар, замак гэты, "пацярпелы ад даўнейшых і нядаўніх вайсковых нападаў, павінен быць у нас на асаблівым рахунку" (Слоўнік      геаграфічны Каралеўства Польскага, с.136)3.

 

]]>]]>

Павел Ян Сапега. Гравюра П. Ландры, 1663 г. (або Войцэх Герсан, 1860–1866)

Але замак так і не аднавілі. Чаму? У Паўночнай вайне, як вядома, Сапегі насуперак усёй астатняй шляхце выступілі на баку Швецыі. І можа, замак быў разбураны зусім не шведамі, а сваёй жа шляхтай у час барацьбы з гегемоніяй Сапегаў (вядома, што ў гэты ж час такім чынам разбураны Ружанскі палац). Таму заклік да аднаўлення сапегаўскіх маёнткаў мог папросту не сустрэць чаканай падтрымкі ў шляхецкіх колах.

У хуткім часе (1718) Высокаўскі маёнтак здалі ў арэнду Касцюшкам Сяхновіцкім (тым самым, у родзе якіх праз 20 з лішкам год народзіцца Андрэй Тадэвуш, што стане вядомым усяму свету генералам). Пасля вялікага пажару ў 1748 г., які прывёў замак у заняпад, Сапегі выязджаюць у сваю Слонімскую рэзідэнцыю. Але ў 1750-х гг. яшчэ зафіксавана сямейная спрэчка Сапегаў наконт Высокаўскага маёнтка з палацам, паркам, горадам i прылеглым наваколлем.

 

]]>]]>

Толькі пасля таго, як Сапегі парадніліся з Патоцкімі, гэтыя мясціны зноў напоўніліся паўнавартасным жыццём. Але аднаўляць былую рэзідэнцыю-крэпасць, якая, па некаторых звестках, яшчэ раз пацярпела ад разбурэнняў у 1812 г., ужо не мела сэнсу. У 1816 г. Пелагеяй Патоцкай тут быў пабудаваны новы раскошны палац з афіцынамі (рус. флигелями), а парк, закладзены пры Сапегах, пашыраны да сучасных памераў (каля 14 га).

Утульнасць і камфортнасць новага палаца, яго шыкоўныя карцінныя галерэі ўзгадвалі ў сваіх дзённіках госці Высокага ў 1830-х гг. Менавіта гэты парк Геаграфічным слоўнікам Каралеўства Польскага напрыканцы XIX ст. быў названы "найпрыгажэйшым у краі"4. Як адзначалі аўтары, замкавыя руіны Сапегаў на той момант належна даглядаліся Марыяй Патоцкай, уладальніцай маёнтка з 1865 г. (на той час ад замкавага будынка ўжо заставалася толькi адна сцяна i ўязная брама), але, па некаторых звестках, яны перажылі яшчэ адно разбурэнне падчас 1-й Сусветнай вайны.

]]>]]>

Вось і ўся гісторыя гэтых пачарнелых муроў, што і сёння вытыркаюцца з вальных насыпаў, густа парослых дрэвамі і кустоўем...

]]>]]>

Часам падаецца, што такія аскепкі старых беларускіх замкаў – гэта яскравае, сімвалічнае ўвасабленне таго, у якім стане знаходзіцца наша гістарычная памяць і наколькі мы можам лічыць сябе нашчадкамі старадаўніх літвінаў. Што засталося ад магутнай, паважанай у Еўропе літвінскай дзяржавы? Што засталося ад грунтоўна распрацаванай прававой сістэмы, ды такой, што галоўны Закон без асаблівых зменаў служыў амаль 300 гадоў5? Што засталося ад на дзіва ўпартага жадання нашых продкаў шукаць шчасця, будаваць яго тут і толькі тут?.. – Вось такія пачарнелыя абломкі.

Уязная брама Сапегаўскага замка на пач. ХХ ст.: другi ярус пабелены, 

нiжнi, натуральнага колеру цэглы, – злiваецца з валам

У час, калі прадметам самых зацятых спрэчак становіцца права на ўезд у шэнгенскую зону, вельмісімвалічна, што рэшткі сапегаўскага замка ў прамым сэнсе гніюць пасярод старога парка, пакінутыя без асаблівай увагі. Ці многа ў нас такіх муроў, чый узрост налічвае тры з паловай стагоддзі? Ды такіх, што належалі найбагацейшай фаміліі – Сапегам, чый род мае выразна беларускае паходжанне6? Ці шмат у нас замкаў, якія, па словах пісара ў 1714 г., перажылі некалькі "даўнейшых і нядаўніх" вайсковых нападаў, ужо не гаворачы пра ўсе наступныя? 

]]>]]>

На гэтых руінах яшчэ летам не было ахоўнай шыльды. А рэшткi самога замка (жылога корпуса) нават не пазначаны ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў (з замкавых руінаў туды ўключана толькі брама). На першым месцы ў гэтым спісе з высокаўскага ансамбля, вядома ж, – палац Патоцкіх XIX ст., больш цэлы (узрост абавязвае!), але, па шчырасці, не сказаць, што больш дагледжаны. Сапегаўскія руіны, наколькі вядома, былі даследаваны толькі аднойчы Міхасём Ткачовым у 1977 г., але, відаць, негрунтоўна, бо ў апісаннях замка адсутнічае элементарная інфармацыя пра яго памеры, не зроблены рэканструкцыйныя малюнкі і макеты.

Можа, таму нам так цяжка ўсвядоміць, што гэта ўсё – беларуская спадчына, а не выпадковыя помнікі, якія воляй лёсу апынуліся ў дзяржаўных межах РБ? І цяжка назваць замкі беларускімі, усё болей хочацца – "замкі Беларусі", а беларускую шляхту – "дваранскімі родамі, што пражывалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі". Можа, таму ў нас так цяжка складваюцца адносіны з сучаснымі нашчадкамі Сапегаў, Тышкевічаў, Радзівілаў? Можа, таму, што яшчэ не дараслі мы да тых старадаўніх літвінаў (не літоўцаў, не!), якім лепш было пакласці свае косці ў зямлю, чым саступіць гэтую зямлю прыхадням? Для літвінаў тут усё было ясна, бо прадчувалі, чым можа скончыцца – бяспамяцтвам, стратай сваёй ідэнтычнасці. Гэтую кашу мы расхлёбваем і па сёння. Так і ходзяць мае суайчыннікі з дробнай капеечкай у кішэні, прагульваюцца пасля ўдарнай працы па парках "літоўскіх" магнатаў, выпіваюць чарачку прама на замкавых руінах, гутараць пра тое, як бы гэта грошай зарабіць на турыстах, што едуць да "літоўскіх" замкаў.... А болей гаруюць пра жыццё-нястачу, пра "адвечны пакутлівы лёс беларускага народа, што ляжаў на скрыжаваннях ваенных шляхоў, на скрыжаваннях чужых інтарэсаў..."

                                                                    Здымкi К. Шастоўскага           Рэшткі апораў для падёмнага маста.             Замкавы роў.                                       З                                                                                                                        

]]>]]>

]]>]]>

]]>]]>

Дык, можа, досыць ужывацца ў "выгадную" ролю народа-ахвяры? Можа, нарэшце прыйшоў час адбудоўваць СВАЕ замкі і аднаўляць памяць пра сваіх герояў? Для пачатку хаця б вынесці футбольнае поле з турнікамі за межы замкавага падворка; ацалелыя падмуркі жылога замкавага корпуса і ўсе іншыя, нават дробныя архітэктурныя элементы комплекса – вызваліць ад зарасцяў, беражліва агарадзіць (хоць неяк абазначыць!); браму, што нават у руінах уражвае сваёй веліччу, – ачысціць ад смецця, якасна закансерваваць, схаваць ад снегу і дажджу. А парк – і да яго справа дойдзе, але і зараз ён зачароўвае сваімі алеямі і ручаінамі з масткамі...

 

Беларускаю рукою,

Светлай праўды сіла,

Славу лепшую напішам

Бацькаўшчыне мілай.

Зацвіце наш край, як сонца

Пасля непагоды,

Ў роўнай долі, ў роўным стане

Між усіх народаў.

Не загаснуць зоркі ў небе,

Покі неба будзе,

Не загіне край забраны,

Покі будуць людзі.

Янка Купала

 

Літаратура

Лінкевіч, Л.І., Несцярчук, Л.М., Сахарчук, Ю.І. Высокае 1494–1994: 500 гадоў: Ілюстраваны гістарычна-архітэктурны нарыс. – Брэст., 1994. – 28 с.: іл.

Ткачоў, М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII–XVIII стст. / Пад рэд. П.А. Рапапорт. – Мн., 1978. – 142 с.

Энцыклапедыя ВКЛ у 3 т. – Мн., 2005–2010.

Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowia nskich. Tom XIV. – Warszawa, 1880–1914 // электронная версія на ]]>http://dir.icm.edu.pl/pl/Slownik_geograficzny/Tom_XIV/info_full]]>

краязнаўчыя інтэрнэт-крыніцы (з іх таксама ўзяты ілюстрацыі):

]]>]]>]]>www.radzima.org]]>, ]]>]]>]]>www.kamenets.by]]>, ]]>www.be.worldpoi.info]]>

 

 

1 На той час Высокім валодалі Патоцкія. Гаспадарка спецыялізавалася на вывядзенні элітнага насення зерневых культур. "...Высоколитовское имение графини М.К. Потоцкой уже давно занимает бесспорно первое место не только в западной, но и во всей России..." (запіс на Кіеўскай сельскагаспадарчай выставе 1897 г.). У 1889 г. дасягненні Высокаўскай гаспадаркі былі адзначаны ў Парыжы залатым медалём, а ў 1900 г. – Гран-пры.

У бітве, што адбылася каля мястэчка Палонка на Слонімшчыне, рускія войскі паспелі зрабіць толькі адзін залп, пасля якога імклівая атака гусараў Рэчы Паспалітай фактычна "змяла" праціўніка. У выніку былі ўзяты вялізныя трафеі і перахоплена ініцыятыва ў зацяжной вайне 1654–1667 гг.

3 Паўночная вайна 1700–1721 гг. – вайна Расіі і кааліцыі еўрапейскіх дзяржаў супраць Швецыі за панаванне на Балтыйскім моры, у якой Рэч Паспалітая выступіла на баку Расіі.

4Слоўнiк геаграфiчны Каралеўства Польскага. – С. 137.

5 Статут ВКЛ 1588 г. скасаваны толькі ў сярэдзіне XIX cт.

6 Паходзяць з полацкіх баяраў.

 

 

 

 

Читайте также
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Давайте попутешествуем во времени, «пробежимся» по разным уголкам Земли и пристально вглядимся в свои родные места, полюбуемся и восхитимся...
06.09.2004 / просмотров: [totalcount]
Беларусь богата великолепными пейзажами и развитыми историческими традициями садово-парковой архитектуры, что является прекрасной основой для...
06.09.2004 / просмотров: [totalcount]
180 лет назад началось строительство выдающегося памятника технической культуры Европы ХIХ в. — Августовского канала, названного так по имени...