Вы здесь

Сёмкава: сядзіба мінскага ваяводы

На нашай зямлі шчодра рассыпана вялікае мноства адметных архітэктурных помнікаў. Замкі і палацы, храмы, помнікі прамысловай архітэктуры… Адну з самых значных і найбольш колькасных катэгорый складаюць сядзібныя маёнткі.

]]>]]>Старыя паркі, сажалкі, аранжарэі, алеі і гаспадарчыя аб’екты ўтваралі разам з сядзібамі своеасаблівыя комплексы, якія станавіліся асяродкамі высокай культуры. Менавіта тут з’яўляліся на свет многія творы літаратуры і музыкі, зберагаліся унікальныя калекцыі мастацтва. Фактычна гэта былі першыя музеі на нашых землях. Дастаткова ўзгадаць, што першы такі музей узнік у XIX ст. у сядзібе братоў Тышкевічаў у Лагойску. Стваральнікамі падобных месцаў былі адукаваныя людзі свайго часу, прадстаўнікі беларускай арыстакратыі.

Знакамітым сядзібным комплексам на мяжы XVIII–XIX стст. быў маёнтак Адама Хмары ў Сёмкаве. У гісторыі гэты чалавек застаўся як апошні мінскі ваявода. У ягоныя ўладанні ўваходзілі такія знаёмыя мінчанам месцы, як вёскі Цнянка, Зацань, Навінкі (зараз усе ў межах Мінска). Увогуле тэрыторыя, якой валодалі Хмары, складала каля 200 тыс. га*.

*Адзін з сучасных мікрараёнаў на поўначы Мінска некалькі гадоў назад перайменавалі. На карты горада вярнулася назва «Хмарынскія пасекі» – месца, дзе высякалі лес памешчыкі Хмары. Таксама адна з вуліц Мінска сёння называецца Хмарынская.

Сёмкава вядома з XVI ст. Заснавальнікам паселішча лічыцца Сенька Гедыголдавіч – віленскі кашталян, якому на той час належаў пасёлак Мір на Наваградчыне, дзе пасля ўзрос знакаміты Мірскі замак. Яшчэ ён пабудаваў першы драўляны храм у Радашковічах. Акрамя таго, Сенька быў адзін з тых, хто ездзіў у Рым за каронамі для самога князя Вітаўта перад яго каранацыяй.

]]>]]>Першая дакладна датаваная сядзіба, узведзеная з дрэва ў стылі рэнесансу, з’явілася ў Сёмкаве ў 1640-я гг. Пабудаваў яе прадстаўнік роду Статкевічаў (Сцеткевічаў) Багдан Статкевіч, калі ажаніўся з Аленай Саламярэцкай. Саламарэчча знаходзіцца ўсяго ў некалькіх дзесятках кіламетраў ад Сёмкава. Таму паселішча некаторы час было вядома як Сёмкаў Саламярэцкі. Дарэчы, Багдан Статкевіч і Алена Саламярэцкая сталіся заснавальнікамі многіх праваслаўных храмаў і манастыроў. Напрыклад, такіх, як Буйніцкі, Тупічэўскі на Мсціслаўчыне, Баркулабаўскі пад Магілёвам, Куцейнаўскі ў Оршы і інш.

За час свайго існавання Сёмкава належала такім родам, як Рэкуці, Мацеёвічы, Салагубы, Булгакі, Глябовічы. З XVII ст. яно пераходзіць ва ўладанні Сапегаў, апошнія ў 1755 г. перадаюць яго свайму служачаму Адаму Хмару (1720–1805).

Кавалер ордэнаў Белага Арла і Св. Станіслава – вышэйшых узнагарод Рэчы Паспалітай – Адам Хмара з пасады лоўчага дасягнуў звання мінскага ваяводы. Вядома, што, калі беларускія землі адышлі да Расійскай імперыі, яму было даручана ўзначаліць дэлегацыю для прысягі на вернасць новай дзяржаўнай уладзе. З рук імператрыцы Кацярыны ІІ ён атрымаў ордэн Аляксандра Неўскага, тытул тайнага дарадцы і дарагую табакерку.

У другой палове XVIII ст. Адам Хмара разгарнуў у Сёмкаве актыўную будаўнічую дзейнасць і стварыў шыкоўны каменны палацавы комплекс, які азнаменаваў адыход эпохі барока і пачатак новага стылю – класіцызму.

Узводзіўся палац прыкладна з 1775 па 1780 г. Да нядаўняга часу з пэўнай доляй верагоднасці лічылася, што яго архітэктарам хутчэй за ўсё быў знакаміты італьянскі дойлід Карла Спампані. Менавіта ў гэты перыяд (1775–1783) ён працуе ў Вільні, Нясвіжы, Радзівілімонтах, Кухцічах, Беніцы і Заслаўі. У справаздачах аканома сапраўды ўзгадваюцца частыя ад’езды «пана архітэктара» ў Нясвіж, Вільню і Заслаўе. Аднак дакладнага прозвішча гэтага «пана» знайсці не ўдалося. Тым не менш у Нацыянальным архіве ў справах асабістай перапіскі Адама Хмары з жонкай (2.06.1778 г.) мы адшукалі такія радкі: «Напішы Спампані, каб прыехаў на свята да Ракава, бо маю з ім размову пра нашу фабрыку», што пацвярджае кантакты Адама Хмары са знакамітым італьянцам. Верагодней за ўсё, менавіта яму, Карлу Спампані, мінскі кашталян замовіў пабудову палаца.

Неабходны матэрыял на пабудову сядзібы дастаўляўся з розных месцаў: шкло з Налібоцкіх мануфактур Радзівілаў, цэгла з Заслаўя, кафля выраблялася на месцы. Для накрыцця выкарыстоўвалася дахоўка 34,5х16 см. Вядома, што на будоўлі працавалі майстры са знакамітых Шчорсаў (маёнтак графа Тышкевіча).

]]>]]>Сядзіба, размешчаная ў прыгожай пойме ракі Сёмкаўка (цяпер Чарняўка), займала цэнтральную, узвышаную мясцовасць. Палац уяўляў з сябе аднапавярховы каменны будынак, прамакутны ў плане, з паўкруглымі аконнымі праёмамі – люкарнамі. Толькі яны, а таксама паўкруглы эркер за палацам нагадвалі пра стыль барока. Цэнтральная 2-ярусная ў стылі класіцызму частка палаца, завершаная франтонам з гербамі А. Хмары, вылучалася масіўнымі калонамі.

Асаблівасцю інтэр’ера палаца з’яўляюцца закругленыя сцены пакояў, планіроўка – анфіладная. Роспіс на столі, значная колькасць ляпніны, паркетная падлога – усё гэта надавала інтэр’еру святочнасць. Тут былі каміны з чорнага мармуру, кафляныя печы на разных драўляных ножках і інш. Цэнтральную частку, адведзеную пад прадстаўнічыя функцыі, займалі парадныя залы, найбольш прыгожыя сярод іх – каралеўская, бальная, салонная.

Каралеўская, найбольш шыкоўная ў аздабленні зала – сцены ў тоне шэрага мармуру, дарагі паркет, белы мармуровы камін – была спецыяльна аформлена для прыёму ў Сёмкаве апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Да пакоя асобна далучылі ванную з умацаванымі ў сцены люстрамі.

Вялікая, або бальная, зала, урачыстасць якой падкрэслівалі змешчаныя на сценах барэльефы на антычныя сюжэты, мела аркестровую галерэю-балкон, за якой знаходзілася хатняя капліца. На выхадзе з залы меўся паўкруглы эркер, далей ішлі тэрасы. На адной з іх, паводле гістарычных звестак, знаходзіўся фантан.

У салоннай зале (сталовай) у пазалачонай раме вісеў партрэт гаспадара ў натуральную велічыню (мастак Ю. Пешка).

Побач з сядзібай знаходзіліся некалькі афіцын (флігеляў), выдзеленых у галоўных уваходах рызалітамі. Адна прызначалася для гаспадарча-адміністрацыйных мэтаў, у другой размяшчаліся госці, жылі гувернанткі, настаўнікі. Апроч звычайных пакояў меўся таксама зал для агульнага збору.

Усяго сядзібны комплекс утрымліваў больш чым 20 разнастайных пабудоў, сярод якіх некалькі леднікоў, кузня, вінакурня, стайні для коней, на рэчцы быў млын. За ракой знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы, капцільня.

]]>]]>Ганарыўся Адам Хмара сваім паркам, які быў закладзены ў французскім стылі. Яго кампазіцыйнае рашэнне грунтавалася на прынцыпе перспектывы, а аснову складала ліпавая алея, якая мела незвычайны зрокавы эфект за кошт сіметрычнай пасадкі дрэў, што стварала ўражанне паступовага звужэння. Чатырохрадная пасадка змянялася двухраднай, а заключная частка перспектывы на прыўзнятым паркавым участку завяршалася вузкім прасветам. Працягласць алеі складала каля 400 м, аднак дзякуючы такому кампазіцыйнаму прыёму здавалася значна большай.

]]>]]>Неаднаразова ў Сёмкава завітвалі знакамітыя госці – пісьменнікі, паэты, мастакі, і іх многае ўражвала ў маёнтку: багатая бібліятэка, архіў, збраёўня, а больш за ўсё метад гаспадарання, уклад жыцця гаспадароў сядзібы.

Напрыклад, наведаўшы гэтыя мясціны ў 1780-х гг., паэт Міхал Дудзінскі напісаў паэму «Палац у Сёмкаве» (захоўваецца ў Нацыянальным акадэмічным архіве Літвы), у якой праслаўляецца «разумны гаспадар» Адам Хмара:

Адкуль на той гары, парослай крапівою,

Узнёсся дужы гмах імгненна над зямлёю?

Мо, гэта Амфіён зрабіў, каб заскакалі

Пад ліры спеў усе каменні, што тут спалі?

Абчэсаныя ўсцяж, адны пайшлі ў аснову,

Другія – у сцяну складаліся стылёва.

Мяркуй тут кожны сам.

А я ж праслаўлю пана,

Які свой скарб аддаў

на хорам мураваны…

Сад у Сёмкаве аўтар параўноўвае з эдэмскім садам:

У гэтым па-майстэрску высаджаным гаі

Сапраўдны бачу рай, Адама бачу ў раі...

(пераклад з польскай мовы
Ганны Шаўчэнкі)

]]>]]>Прыцягвалі сёмкаўскія краявіды і мастакоў. Адным з першых, хто пакінуў нам выяву сядзібы, быў Юзаф Пешка. Ён адлюстраваў палац, а таксама парадны двор, агароджу двара, як яны выглядалі на пачатку XIX ст. Курданёр (ад франц. cour d’honneur – «двор гонару, парадны двор») дэкараваны невялікімі дрэўцамі з акруглай фармаванай каронай. Яшчэ адзін малюнак Сёмкаўскай сядзібы зрабіў Напалеон Орда, які гасціў у Сёмкаве 9 ліпеня 1876 г. – яна яшчэ належала роду Хмараў. Аднак у хуткім часе (з 1889 г.) новымі ўладальнікамі комплексу становяцца прадстаўнікі роду Хелкоўскіх.

Пасля рэвалюцыі 1917 г. сядзіба была канфіскавана і перададзена пад вучэбны корпус фермы пры Сельскагаспадарчым інстытуце. Тут з 20 красавіка па кастрычнік 1922 г. адпачываў з сям’ёй Якуб Колас. Вядома, што ў Сёмкаве ім былі напісаны апавяданне «Салавей», верш «Ноч», тут ён дапісваў паэму «Новая зямля». Засталіся дакументы, якія сведчаць, што Колас выконваў абавязкі бухгалтара вучэбнай фермы.

З Сёмкавам звязаны пэўныя моманты жыцця Янкі Купалы. У канцы 1905 – пачатку 1906 г. ён працаваў на мясцовай вінакурні, дзе, як прызнаваўся потым, зазнаў «нябачанае дагэтуль пекла». Тым не менш гэты досвед стаўся карысным для наступнай яго працы на броварах у Яхімоўшчыне і Дольным Снове.

У XX ст. лёс сядзібы ў Сёмкаве складваецца даволі трагічна. Пасля вучэбнай фермы яна была пераабсталявана пад дзіцячы дом. У вайну дзяцей не паспелі эвакуіраваць, і напрыканцы вайны, калі немцам спатрэбіліся жылыя памяшканні для параненых, узнікла пагроза для жыцця выхаванцаў. У ноч з 22 на 23 сакавіка 1944 г. партызанам брыгады «Штурмавая» ўдалося вывезці дзяцей з Сёмкава ў партызанскую зону (выратавана 274 дзіцяці). Падчас гэтай аперацыі сядзібу спалілі. Пасля вайны панскі дом быў адноўлены, але істотна перабудаваны.

З сярэдзіны 1990-х гг. помнік паступова прыходзіў у заняпад. Яшчэ ў 2002 г. па ўсім перыметры будынка быў дах. Сёння ён адсутнічае, і помнік з кожным годам усё больш разбураецца.

Першыя спробы стварыць праект рэстаўрацыі помніка прымаліся ў канцы 1980-х гг. Аднак змены ў грамадстве і сітуацыя ў краіне не дазволілі яго здзейсніць.

]]>]]>Тым не менш працы па аднаўленні сядзібна-паркавага комплексу распачаліся. Навакольная тэрыторыя перададзена міжнароднаму дабрачыннаму фонду «Сям’я – яднанне – Айчына», які плануе стварыць тут Міжнародны цэнтр сям’і, праводзіць сацыяльную працу. У хуткім часе праект па аднаўленні сядзібы будзе пададзены на разгляд навукова-метадычнай рады пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

На сядзібе ўжо ёсць першыя каштоўныя знаходкі. Каля аднаго з флігеляў знойдзена унікальная памятная пліта з тэкстам на лацінскай мове, усталяваная ўладальнікам маёнтка Адамам Хмарай і яго братам Іяхімам у гонар сваіх бацькоў:

Мінаюць каралеўствы, мяняюцца ўлады,

але ў нябёсах адвечная айчына несмяротных духаў

дзякуючы веры ў Бога застаецца бяспечнаю.

У гэтым помніку – любоў да найдаражэйшых бацькоў,

пашана ўдзячных нашчадкаў да іх

і плынная ды мінучая зменлівасць чалавечага лёсу...

(фрагмент перакладу
Алеся Жлуткі)

Безумоўна, Сёмкаўская сядзіба мае вялікае значэнне ў гістарычным, культурным і ландшафтна-архітэктурным плане. Можна спадзявацца, што палац будзе адноўлены, каб адпавядаць былому статусу рэзідэнцыі мінскага ваяводы.

Літаратура

1. Федорук, А.Т. Старинные усадьбы Минского края. – Мн.: Полифакт, 2000. – С. 71–78.

2. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Województwa minskie... / Roman Aftanazy. – Wrocław, Warszawa, Kraków: zakład Narodowy im. Ossoli nskich Wydawnictwo, 1991. – T. 1. – S. 140–147.

3. Кулагін, А.М., Якімовіч, Ю.А. Сёмкаўскія сядзібы. Энцыклапедыя ЛіМ Беларусі у 5 т. Т. 4. – Мінск: Беларуская савецкая энцыклапедыя імя П. Броўкі. – 1987. – С. 712.

4. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць / АН БССР. Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора. – Мн.: БелСЭ, 1987. – С. 61.

5. Кулагин, А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: Вторая половина XVIII – начало XIX в. – Мн.: Навука і тэхніка, 1981. – С. 96.

6. Міцкевіч, В. Якуб Колас у Сёмкаве // Беларуская мінуўшчына. – 1997. – № 5. – С. 13–17.

7. «Дзе будуць пасекі». Сайт газ. «Турызм і адпачынак». ]]>http://www.tio.by/news/3976]]>

8. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 209, воп. 1, спр. 102, с. 68–70.

 

 

 

 

 

Читайте также
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
В ряде стран Западной и Центральной Европы формируются природные парки регионального и местного значения, аналогов которым в Беларуси пока нет. Так...
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Экотуризм уже завоевал популярность во многих странах мира, хотя что понимать под этим противоречивым понятием, еще до конца не выяснено. Прежде...
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Съезд — это всегда событие, определенный рубеж, когда подводятся итоги и намечаются планы. А еще съезд — это творческий праздник, это...