Вы здесь

Гарадзенскі замак: гарадзілі-гарадзілі гародні ды... ці выгарадзім?..

У першыя свае прыезды я блукаў па Гародні пераважна ўночы… і для мяне паступова раскрываўся горад. Паркі Жылібера1, у якіх трэба быць спрытным, калі пераскокваеш праз Гараднічанку (гарадскую рачулку), зацішныя дворыкі з абвітымі плюшчом пад’ездамі, спускі і пад'ёмы Замкавай, Траецкай і Падгорнай вуліц і спакойны, як егіпецкія піраміды, Нёман... Менавіта ўночы адзін мой гарадзенскі прыяцель справакаваў мяне падудзець у дуду2 з Замкавай гары. І як добрых шэсць соцен год таму, над Нёманам расплыліся ў паветры гукі "Багародзіцы" – літвінскага гімна, пад які, хутчэй за ўсё, войскі ВКЛ адпраўляліся адсюль на Грунвальд...

Дзень расстаўляў акцэнты прынцыпова іначай. Дзень уцягнуў мяне ў грамадскую кампанію па абароне гістарычнага цэнтра ад бяздумных горадабудаўнічых планаў3 (у якасці "змагання" з'явілася публікацыя ў АіС). Шум машын, бульдозераў і экскаватараў, што ўжо пачалі руйнаваць падмуркі радзівілаўскага палаца (2006 г.), пагойдванне тралейбусных дратоў над вузкімі вулачкамі, якія даўно варта было б вызваліць ад аўтатранспарту... Дзень рабіў маю Гародню будзённай.

Дзень мяне прывёў і ў краязнаўчы музей, што размясціўся ў сценах Старога замка. Тое, што называлася Старым замкам і мела ўжо тысячагадовую гісторыю, выглядала ў маіх вачах убогай пародыяй на само слова "сярэднявечны замак". Што ў ім магло нагадаць пра князя Вітаўта, які абраў гэтае месца сваёй рэзідэнцыяй? Шэрыя, невыразныя каробкі будынка? Зафарбаваныя маслянай фарбай сцены ўнутры? Што ж, час не пашкадаваў гэтых муроў, якія калісьці былі вядомыя ўсёй сярэднявечнай Еўропе.

І калі б неневялікі фрагмент старога мура, што шырокай палоскай цягнецца ўздоўж краю Замкавай гары, не было б у мяне жадання пісаць гэты артыкул. І калі б не гіганцкая, пачарнелая ад часу "Пагоня", якую паказаў супрацоўнік музея ў запасніках (раней герб вісеў, відаць, над замкавай брамай), я б не вяртаўся на гэтае ўзвышша новы і новы раз. I вось нарэшце мне захацелася зазірнуць у гістарычныя хронікі і пагрузіцца ў час, калі жыхары паселішча яшчэ самі не вызначыліся, як правільна казаць – "Горадна", "Гарадзен" або "Гародна"...

Першае славянскае паселішча на высачэзным беразе Нёмана з'явілася ў далёкім X ст. Гэта былі земляныя ўмацаванні з вастраколам, зрубы-гародні па перыметры гары з жылымі хатамі на ўнутранай тэрыторыі – так званы дзядзінец. Пазней летапісныя хронікі паведамляюць пра гарадзенскіх князёў, якія атрымалі ўладу на адносна самастойнае княжанне ад Кіева. У XIII ст., калі на нашых землях паўставала новая дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае, за горад зацята змагаліся літоўскія і галіцка-валынскія князі. Горадам на некаторы час завалодалі апошнія – тады, верагодна, тут і была збудавана круглая ў плане вежа-данжон, падобная да Камянецкай вежы ("каменны стоўп" – па словах летапісцаў). У Гародні ўжо існавала гарадская мураваная сцяна пяціметровай вышыні, якая абараняла паселішча, – даволі рэдкі выпадак для пераважна драўляных гарадоў Русі гэтага перыяду. Хронікі ўзгадваюць таксама царкву, пабудаваную з плінфы4, і княскі палац. У 1277 г. літоўскія кунігасы5 нанеслі галіцка-валынскім князям канчатковую паразу. У той абароне гараджанам дапамагалі перабежчыкі з Прусіі, якую ўжо захапілі нямецкія рыцарскія ордэны. Прусы зачыніліся ў гэтай вежы-данжоне і...

"Столп бо бекамен стоя перед вороты города, и бяху в нем заперлися Прузи, и не бысть им мимо онъ пойти к городу, побивахуць бо со столпа того... И быша аки мертвее стояще на заборолех города, о взятье столпа, зане то бысть упование их" [2, с. 42].

Наступныясто трыццаць гадоў сталі жорсткім выпрабаваннем для гарадзенцаў і іх гародняў. 1284, 1296, 1306, 1311, 1312, 1328, 1361, 1363, 1373, 1375, 1377, 1390, 1393 і 1402 – гэта не даты адкрыцця школ або заснавання храмаў з манастырамі. Гэта даты, калі да сцен замка прыходзілі нямецкамоўныя госці, бывала, на год і двойчы. Немцы звычайна не трацілі шмат часу на перамовы: альбо выпальвалі замак, альбо – у выпадку няўдалай аблогі – знішчалі вакольныя пасяленні, нагружаючы коней нарабаваным дабром і ўводзячы ў палон жыхароў. Адкрыты археолагамі культурны слой гэтага стагоддзя – груда наканечнікаў стрэл і розная зброя. Амаль нічога – з рамесніцкіх вырабаў, хіба што кавальскіх. Горад быццам застыў у развіцці на гэты час. На шчасце, крыжакі бралі замак толькі ў рэдкіх выпадках. З-за сваёй непрыступнасці Гародня набыла славу на ўсю Еўропу сярод тамтэйшага рыцарства. "Паход на Гартэн" (так называлі горад немцы) стаў справай гонару для свяшчэнных ваяроў з Германіі, Францыі, Швецыі, Галандыі, Італіі, Гішпаніі, Чэхіі і нават... Англіі (рыцары з Англіі ўдзельнічалі ў паходзе на Гародню ў 1364 г.).

Непрыступнасць Гародні была шмат у чым заслугай мясцовага кашталяна – князя Давыда, якога пазней празвалі Гарадзенскім. Яго адвага, па ўсім відаць, была дзіўнай рэдкасцю ў гэтых шыротах, бо да яго, які адбіваў напад за нападам, не раз звярталіся і Пскоў, і Наваградак – па дапамогу ў абароне сваіх гарадоў ад тых жа гасцей з Захаду. І прыходзіў, і дапамагаў, і былі ўдзячныя і пскоўцы, і наваградцы за захаваныя жыцці і майно. А немцы моцна задумаліся: што рабіць з чалавекам, які перакрыў дарогу да ласага кавалачка – гарадоў Усходняй Еўропы? І не маючы сілы ўзяць у баі, вырашылі паступіць іначай – разрабавалі Верцялішкі, яго маёнтак на Гарадзеншчыне, забілі жонку з дзецьмі і каля 30 чалавек прыслугі (1324). Пасля гэтага князь Давыд ужо не чакаў немцаў пад гарадскімі мурамі – сам з дружынай у гэтым жа годзе зрабіў рэйд у Германію, дзе выпаліў агнём 120 мястэчак і вёсак, зруйнаваў 30 касцёлаў і прывёў у палон 4000 чалавек. Праз два гады паўтарыў паход у кірунку Брандэнбурга. Высакароднае нямецкае рыцарства пайшло на чарговы "рыцарскі" ўчынак: падкуплены паплечнік князя Давыда ў начлежным шатры на прывале ўсадзіў князю дзіду ў спіну. Цела князя ваяры на шчытах прынеслі ў Гародню, дзе пахавалі яго, згодна з легендай, каля Каложскай царквы.

Дарога на ўсход была адчынена. Заходні канец літвінскай дзіды абломлены. Немцы здзяйсняюць новыя і новыя паходы на Гародню і іншыя беларускія гарады. З імі ж сюды аднойчы наведаўся і нечаканы госць – князь Вітаўт, выгнанец, які хацеў узяць рэванш у палітычнай барацьбе з Ягайлам. Захапіўшы замак з дапамогай крыжакаў і саміх гараджанаў6, Вітаўт дазваляе немцам пабудаваць на супрацьлеглым беразе Нёмана "Ноэнгартэн" (Новую Гародню), ды праз год, памірыўшыся з Ягайлам, раптам сам нападае на новае крыжацкае паселішча і ставіць кропку ў адносінах з немцамі (1392). Праз шэсць год гарадзенскі замак перажыў страшны пажар, у якім сам князь з жонкай ледзь не загінуў (1398). Пасля гэтага на старых ацалелых падмурках на загад Вітаўта быў узведзены пяцівежавы гатычны цалкам мураваны замак у традыцыйнай для Беларусі тэхніцы – са змяшаным прымяненнем камянёў-валуноў і цэглы (такая ж тэхніка выкарыстана пры будаўніцтве Лідскага, Мірскага, Наваградскага і іншых замкаў). Сцены былі ўмацаваны контрфорсамі. Тады ж быў збудаваны двухпавярховы палац Вітаўта (45х15 м). Але які там палац? На знешні бок вуліц з яго глядзелі не шырокія вокны, а тыя ж байніцы – крыжакоў усё яшчэ чакалі ў гэтых мясцінах. Вежа над брамай таксама мела зубчастую баявую пляцоўку, пад брамай знаходзілася турма. Астатнія чатыры вежы, квадратныя ў плане (12х12 м), замыкалі перыметр сценаў. Увесь замкавы комплекс у той час набыў форму няправільнага трохкутніка з няроўнымі гранямі: мур, звернуты да Нёмана – 120 м даўжынёй, з боку Гараднічанкі – 90 м, з боку гарадскіх вуліц – 24 м (брама) і 46 м. Вышыня замкавых муроў – 6–8 м, таўшчыня – да 3 м.

Каб назаўжды вырашыць пытанне пра "нямецкую прысутнасць" на абшарах Усходняй Еўропы, Вітаўт і Ягайла дамаўляюцца аб саюзным паходзе на Тэўтонскі ордэн у супольнасці з рускімі і татарамі. Адсюль, ад гарадзенскіх замкавых муроў, і адпраўляліся літвінскія войскі на Грунвальдскае поле летам 1410-га. Самая вялікая ў гісторыі сярэднявечнай Еўропы бітва прынесла перамогу літвінам, а Гародні – магчымасць уздыхнуць вольна, адрэзак адносна спакойнага, мірнага жыцця. У гэты час знікаюць некаторыя з замкавых сценаў, што трымалі горад у жорсткіх цісках абарончай цытадэлі, і ў бок ад замка пабеглі новыя гарадскія вуліцы... Замак робіцца другой па значэнні рэзідэнцыяй беларуска-літоўскіх дзяржаўцаў, якая зручна размясцілася па шляху з Кракава да Вільні (ад сталіцы Польскай Кароны да сталіцы літвінаў).

У 1580-я гг., калі на трон сеў Стэфан Баторы, гарадзенскі замак быў грунтоўна перабудаваны. Згодна з праектам італьянца Санці Гучы, новы палац застаўся ваеннай крэпасцю з магутнымі сценамі, але страціў рысы суровай готыкі, набыўшы ўзнёслую лёгкасць рэнесансу. Падчас перабудовы вежа-данжон і замкавая царква былі разабраны, пазней такі ж лёс напаткаў і некаторыя іншыя замкавыя вежы.

Новы палац, як і сама Гародня, стаў улюбёнай рэзідэнцыяй караля Стэфана. Будынак быў багата аздоблены ўнутры, і яго стыль і раскошу мы можам уявіць сабе па адноўленых сёння залах Мірскага замка, бо аздабляліся яны ў адзін час. Сцены былі ўпрыгожаны габеленамі, пакоі ацяпляліся камінамі, абкладзенымі маёлікавай кафляй. Столь была ўся пакрытая разьбой, расфарбаваная ці пазалочаная. Гэткае ж аздабленне мела столь у Вавелі (каралеўскі палац у Кракаве). Дарэчы, макет Гарадзенскага замка, які сёння выстаўлены ў музейнай экспазіцыі Мірскага замка, паказвае яго менавіта на гэты перыяд.

Тут, у Гарадзенскім замку, Стэфан Баторы сустракаўся з маскоўскімі пасламі і адсюль жа неаднаразова выпраўляўся з войскам на Маскву. Тут складаў грандыёзныя планы па захопе Рускай дзяржавы і паходах на Турцыю і тут жа... спачыў вечным сном, моцна прастудзіўшыся на паляванні ў надзвычай марозныя дні ў снежні 1586-га...

Дамагчыся якіх-небудзь плённых мірных сувязяў з рускімі Стэфану Баторыю так і не ўдалося – у Маскве цараваў Іван XIV Жахлівы, які праславіўся сваімі прэтэнзіямі на ўсходнія беларускія тэрыторыі. Прайшло менш за сто год, і маскоўская навала дакацілася да самых заходніх рубяжоў Беларусі – ля сценаў гарадзенскага замка з'явіліся "братнія" войскі (1655–1659). Яны занялі горад, але праз некаторы час былі выбітыя з замка атрадамі мясцовай шляхты. Пасля рускай акупацыі ад Гародні засталося толькі "гарадское смецце" [2, с. 74]. Замак быў адрамантаваны на дзяржаўныя грошы па просьбе гарадзенскай шляхты ў 1670-х гг., у ім планавалася праводзіць парламенцкія пасяджэнні. Але праз дваццаць з лішкам год ён быў канчаткова разбураны ў новай – Паўночнай вайне са Швецыяй (1708). Пасля шведаў замак, па словах англійскага пасла, выглядаў "крыху лепш, чым куча смецця" ("little better than a heap of rubbish") [1, с. 33]. Мясцовая шляхта яшчэ некалькі разоў на дзяржаўных соймах спрабавала дабіцца аднаўлення гэтай "калыскі" гарадзенскай гісторыі, але ўрад Рэчы Паспалітай (на той час ВКЛ ужо існавала ў федэратыўным саюзе з Польшчай) прыняў рашэнне аб будаўніцтве Новага замка на суседнім плато для правядзення соймавых (парламенцкіх) пасяджэнняў Рэчы Паспалітай. Пасля гэтага руіны з тысячагадовым ікога не цікавілі.

Толькі замежныя госці ў XVIII ст. пакідалі ў сваіх блакнотах запісы аб "старым каралеўскім замку, абнесеным руінамі старадаўніх валоў", і адзначалі хіба толькі адносную цэласць "замкавай часткі з боку горада" (верагодна, будынак палаца). Цэнтр палітычнага жыцця цалкам перамясціўся ў Новы замак, пабудаваны ў 1730–1740-х гг. І калі непрыступны Стары замак стагоддзямі заваёўваў еўрапейскую славу для айчыны, то новы каралеўскі палац ужо праз 50 год стаў месцам бясслаўнага заканчэння айчыннай гісторыі. У ім у 1793 г. адбыўся сумна вядомы "нямы сойм" Рэчы Паспалітай, калі на агульнадзяржаўным пасяджэнні, ва ўмовах непрыхаванага прымусу і дэманстрацыі расійскай вайсковай сілы, шляхта фактычна пагадзілася на здачу дзяржаўнай улады расійскаму ўраду7.

У часы Расійскай імперыі руіны Старога замка доўгі час стаялі ў занядбанні, бо планы расійскага ўрада па рэстаўрацыі помнікаў культуры тычыліся толькі тых будынкаў, што мелі дачыненне да так званай "рускай гісторыі". Хронікі ўзгадваюць толькі пра нейкую расійскую вайсковую часць, што размяшчалася некаторы час у ацалелых будынках Старога замка ў XIX ст. І толькі ў 1920–1930-я гг., калі Заходняя Беларусь стала часткай незалежнай Польшчы, да замка як да рэзідэнцыі колішніх польскіх каралёў і князёў ВКЛ з'яўляецца вялікая ўвага з боку дзяржавы і грамадства. Быў створаны Камітэт адбудовы замка, праводзіліся маштабныя археалагічныя раскопкі, якія спыніла 2-я Сусветная вайна. Раскопкі былі працягнуты рускімі археолагамі ў канцы 1940-х гг. У 1970-х гг. да старажытных руінаў прыйшлiлі беларускія спецыялісты: Яраслаў Звяруга, Алег Трусаў, Міхась Ткачоў. Дзякуючы грунтоўнай працы археолагаў перад намі паўстала ўся гісторыя Замкавай гары, на якой тысячу гадоў таму нашы продкі пачалі "гарадзіць гародні"...

З канца 1980-х гг. пачалася рэканструкцыя замка, дзе пазней размясціўся Гарадзенскі краязнаўчы музей. І вось мы зноў вяртаемся да шэрых каробкападобных сценаў, шырокай палоскі аўтэнтычнага замкавага мура, інтэр'ераў музея ў недарэчнай маслянай фарбе... Я ведаю, што наша Міністэрства культуры і без таго робіць шмат. Дарэчы, на Наваградскім замку ўсё ж такі з'явіўся ПАЗік з археолагамі, і Беларусь ужо сёння можа бачыць руіны яшчэ адной замкавай вежы Наваградка. Але...

Але той шыкоўны макет Гарадзенскага замка, выстаўлены ў Міры, не дае мне спакою... Калі Гародню ахутвае ноч, мне чуваць лязгат зброі рыцараў, што рыхтуюцца да Грунвальду, а ў паветры плыве дударская мелодыя "Багародзіцы"... І ўдзень мяне наведвае думка: чаму б нам нашых шаноўных замежных азія- i афра-лацінаамерыканскіх інвестараў-дабрадзеяў, што так беспардонна забудоўваюць цэнтр беларускай сталіцы бяздушнымі "пеналамі", не папрасіць аднавіць "у нагрузку" і яшчэ вось гэты, дарагі тутэйшым жыхарам АБ'ЕКТ? Будзем удзячныя. Прынамсі, квітыя. За спляжаны Мінск.

Iлюстрацыі ўзяты з інтэрнэт-старонкі "Архітэктура Гродна: гісторыя і сучаснасць" (]]>www.harodnia.com]]>).

Літаратура

1. Гардзееў, Ю. Магдэбургская Гародня. – Гародня–Ўроцлаў, 2010. – 384 с.

2. Гродназнаўства / Госцеў, А.П., Дабрыян, А.А., Карнялюк, В.Р. і інш. – Гродна, 2010. – 220 с.

3. Ткачев, М. Замки Беларуси. – Мн., 2002. – 200 с.

4. Энцыклапедыя ВКЛ. У 3 т. Т. 1. – Мн., 2005. – 684 с.

1 Жак Жылібер (1741–1814) – французскі медык і батанік, запрошаны Тызенгаўзам на працу ў Гародню. Узначальваў Гарадзенскую медычную акадэмію, заснаваў гарадзенскі батанічны cад.

2 Дуда – беларуская валынка.

3 Згодна з рашэннямі гарвыканкама быў пашыраны мост праз Нёман, які значна павялічыў паток аўтатранспарта на вузкіх вуліцах

гістарычнага цэнтра; наступным крокам павінна было быць пашырэнне адной з вуліц у непасрэднай блізкасці да гістарычных помнікаў.

4 Шырокая пляскатая цэгла, якая ўжывалася ў будаўніцтве ў Візантыі і Старажытнай Русі.

5 Кунігас (літ.) – князь.

6 Перад гэтым горад неаднаразова пераходзіў то да Ягайлы, то да Вітаўта, але сімпатыі саміх гарадзенцаў-літвінаў ляжалі на баку Вітаўта – пры

хільніка незалежнасці ВКЛ, уадрозненне ад Ягайлы – на той момант польскага караля.

7 Апошні сойм Рэчы Паспалітай называецца нямым, бо зачыненыя ў залі і запужаныя расійскімі грэнадзёрамі паслы сойму ў знак пратэсту не вымавілі ані слова (найбольш актыўныя паслы ад апазіцыі яшчэ да сойму былі гвалтам выдалены з горада, а на дзверы палаца дэманстратыўна былі нацэлены расійскія гарматы). Гэтае маўчанне шляхты было трактавана прадстаўнікамі Расіі як згода на падпісанне дамовы.

Полная версия материала (иллюстрации) представлена в журнале "Архитектура и строительство"

 

 

 

 

Читайте также
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Давайте попутешествуем во времени, «пробежимся» по разным уголкам Земли и пристально вглядимся в свои родные места, полюбуемся и восхитимся...
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
Туризм – одно из наиболее динамичных явлений современного мира. В последнее время он приобрел колоссальные темпы роста и масштабы влияния на...
23.07.2003 / просмотров: [totalcount]
В ряде стран Западной и Центральной Европы формируются природные парки регионального и местного значения, аналогов которым в Беларуси пока нет. Так...