Вы здесь

Наваградскі замак: гістарычнае эсэ з элементамі фантасмагорыі

Спонсар рубрыкi – ИООО «Сен-Гобен Строительная Продукция Белрус»

 

«Прыгожая архітэктура – прыгожая і ў руінах», – выпадкова пачуў я калісьці кінутую кімсьці фразу ў бок Крэўскага замка. Пасля гэтага мне стала яснай мая неадольная цяга да такіх мясцін, як Крэва, Гальшаны, Наваградак1: там, сярод разваленых муроў, дзе чуваць «посвіст ветру ў байніцах разбураных вежаў»2, машына часу працуе бесперабойна – толькі сам прыйдзі з адпаведным настроем. Але вось гэтая самая машына, што яшчэ нядаўна выдатна спрацоўвала ў Нясвіжы, раптоўна перастала там спрацоўваць. І тады ў нейкі момант я стаў непакоіцца за Наваградак, бо пачуў, што і гэты блаславёны кавалачак зямлі чакае «рэстаўрацыя», якая сцерла дачыста адбіткі старасвеччыны з нясвіжскіх муроў. Кіёскі ўжо напоўніцу гандлявалі латарэйнымі квіткамі, прыбытак ад якіх нібыта ішоў на гэтую справу. І я такі дабраўся да сайта ўстановы, што ініцыявала латарэйную акцыю, і даведаўся пра тую «рэстаўрацыю», якую больш правільна было б назваць «кансервацыя», каб не ўводзіць у зман латарэйных пакупнікоў з іх шчырымі намерамі. На сэрцы паціху адлягала: наваградскія муры маглі спаць спакойна. Бо запланаваная кансервацыя – не самае страшнае з таго, што ім прыйшлося перажыць за мінулыя шэсць соцень гадоў. Пра гэты адрэзак часу з жыцця замка і пагутарым...

Маё першае наведванне замка – студэнцкая экскурсія. Здаецца, менавіта тады мяне «зачапіла» ўражанне, якога потым шукаў зноў і зноў: ідзеш з цэнтральнай плошчы Наваградка на Замкавую гару, бачыш плато, затым – замкавыя руіны, якія вабяць, вабяць... Кіруешся да іх, але паціху нейкае дзіўнае пачуццё нестабільнасці авалодвае табой. Бо, ідучы па замчышчы, чакаеш убачыць за яго краем зямлю – а яе ўсё няма. Думаеш: ну, вось яшчэ колькі метраў бліжэй да краю, да руінаў, – адтуль ужо дакладна ўбачу падножжа, валы, насыпы, роў... але іх усё няма. І калі прабягаеш апошні дзесятак метраў (маленькі пад’ём каля вежы) – на самым краю застаецца адно што ляцець. Зямлі, падножжа, апоры ўсё роўна няма. Толькі далягляд – на добры дзесятак кіламетраў. Наваградскае замкавае плато найлепш падыходзіць для такога вось разгону перад палётам. Пра гэта мне таксама распавядалі мае наваградскія знаёмцы, што гойсалі з гары на лыжах, калі былі школьнікамі. Падобнае сцвярджаў і Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч. У адным з нарысаў ён пісаў, што адзін з яго сваякоў «у падпітку, на знак таго, што жыве ў нашчадках дух і мужнасць Гражыны3, з’ехаў з капца Міцкевіча4 на гарачым кані, пусціўшы наўскач...»

Вышыня наваградскіх пагоркаў палюбілася нашым продкам больш за тысячу (!) год таму. Паводле археалагічных раскопкаў, першыя паселішчы з’явіліся тут у канцы X ст.5 Жылі сабе пажывалі, дабра нажывалі, нават хату на замок не замыкалі. І не было ніякіх умацаванняў да сярэдзіны XI ст. Але пазней, відаць, гэты пагорак прыдаўся да густу і іншым «аматарам» вышыняў, таму жыхары паселішча спешна будуюць умацаванні: насыпаюць валы, мацуюць іх драўлянымі канструкцыямі, частаколам. Трэба зазначыць: першыя насельнікі пражывалі на пагорку побач з Замкавай гарой, на Малым замку, дзе і знаходзіцца той самы курган Міцкевіча. А вось збройныя ўмацаванні найперш з’яўляюцца на Замкавай гары, дзе сёння можна ўбачыць замкавыя руіны.

Пачынаючы з далёкага XI стагоддзя гэтым пагоркам была наканавана адна роля – захоўваць тутэйшых прыхільнікаў вышыні ад тых прыхільнікаў, якім не хапала пагоркаў у сваім рэгіёне. На працягу XI–XII стст., як сведчаць археолагі, умацаванні на Замкавай гары, ды і на Малым замку пастаянна ўдасканальваюцца, а сярод археалагічных знаходак гэтага часу багата зброі.

Чым жа яшчэ, акрамя пагоркаў, вабіла гэтая зямля сваіх не заўжды мірных паўднёвых і паўночных суседзяў? Справа ў тым, што гэты горад Панямоння ўваходзіў у лік самых багатых і высокаразвітых гарадоў Старажытнай Русі – усходнеславянскага рэгіёна з мноствам адасобленых княстваў. І калі па колькасці жыхароў і тэрыторыі Наваградак відавочна саступаў такім «мегаполісам», як Кіеў, Ноўгарад, Полацк, то па заможнасці і ўзроўню культуры ён не адставаў ад гэтых княскіх сталіц. Зрэшты, і сам Наваградак становіцца сталіцай удзельнага княства ў XIII ст. Гэтыя высновы сучасныя даследчыкі зрабілі на падставе археалагічных раскопаў залатарных двароў – цэлага квартала дужа багатых гарадскіх сядзібаў, дзе жылі майстры залатой справы. Паводле даследчыкаў, ва ўсім старажытнарускім рэгіёне такая вялікая сканцэнтраванасць багатых дамоў у адным горадзе сустракаецца толькі ў старажытным Наваградку. Толькі тут знойдзена вялікая колькасць дамоў з зашклёнымі вокнамі (на той час мець вокны са шклом было вялікай раскошай), тады як для іншых гарадоў таго перыяду шкло было рэдкасцю. Уразіла археолагаў і нечакана вялікая колькасць прыладаў для пісьма, што сведчыла пра высокі ўзровень адукаванасці жыхароў горада.

Адной з прычынаў такога ўзроўню развіцця быў гандаль. Наваградак вядомы сваімі таргамі не толькі з Кіевам (асноўны «бізнэс-партнёр»), але і Херсанэсам, Візантыяй, прыбалтыйскімі і заходнееўрапейскімі краінамі. Таксама археолагі знайшлі вырабы з Сірыі і Ірана. «Валютай», якой разлічваліся тутэйшыя купцы, была пушніна, магчыма таксама – зерне.

Становіцца зразумелым, чаму да гэтых узвышшаў так часта наведваліся князі з Галіччыны і Валыні, ды яшчэ ў змове з татарамі. Летапісы таго часу паведамляюць не меней як пра шэсць штурмаў Наваградка на працягу толькі 1250–1270-х гг. Верагодна, ужо тады ўмацаванні былі даволі трывалыя, прынамсі на Замкавай гары (дзядзінцы): галіцка-валынскі князь6 Леў Данілавіч «взя окольны град... а детинец остася». Гэтыя «разборкі» з паўднёвымі «браткамі» былі выкліканы тым, што яшчэ ў сярэдзіне 1240-х гг. наваградцы, разумеючы хісткае становішча горада паміж магутнымі вайскова-палітычнымі згуртаваннямі (Літвой і Галіцка-Валынскім княствам), самі абралі свой лёс: запрасілі на княжанне літоўскага князя Міндоўга. Менавіта тут ён прымае хрост і, магчыма, карануецца. Аб тым, што адбывалася пазней, пасля няўдач галіцка-валынскіх князёў узяць пад кантроль Наваградчыну, распавядаюць нам школьныя падручнікі па гісторыі Беларусі: у XIII–XIV стст. паўстае Вялікае Княства Літоўскае – самая вялікая па тэрыторыі дзяржава ў сярэднявечнай Еўропе, першая сталіца якой, па адной з версій, знаходзілася ў Наваградку. У новай дзяржаве Наваградак уваходзіць у лік найважнейшых гарадоў: тут адбыўся сход праваслаўнага духавенства ВКЛ, на якім быў абраны новы мітрапаліт, ужо непадначалены маскоўскай царкоўнай уладзе; тут праходзілі пасяджэнні Трыбунала ВКЛ (вышэйшага судовага органа); тут кароль Ягайла вянчаўся з Соф’яй Гальшанскай у фарным касцёле...

З’яўляючыся адным з самых багатых гарадоў на захадзе Літвы-Беларусі, ён не мог не цікавіць і нямецкіх авантурыстаў у бліскучых даспехах з высакароднымі лозунгамі. Пяць разоў на працягу XIV ст. яны наведваліся сюды. Прычым двойчы – толькі для таго, каб перашкодзіць будаўніцтву новай фартэцыі, гіганцкай крэпасці, задуманай вялікім Вітаўтам на Замкавай гары. Зразумела, што аснова для гэтай крэпасці была назапашана стагоддзямі раней, у канцы XIV ст. будаўнікі толькі павялічвалі ўзровень валоў, дабудоўвалі сцены, узводзілі абарончыя вежы. Першая з іх – Шчытавая, або Шчытоўка, – тая самая, да руінаў якой мы сёння можам дакрануцца. Затым – Касцельная вежа (знаходзіцца насупраць фарнага касцёла), Калодзежная (у нізіне паміж Замчышчам і горадам, на месцы крыніцы, якая і сёння струменіць з-пад зямлі), Малая брама (брамны ўезд з боку горада), Пасадская вежа (з боку «пасада» – паселішча на Малым замку) і Меская (найбліжэйшая да «места», па-старабеларуску – горада). Пазней, на мяжы XV–XVI стст., адначасова з рамантаваннем замка была пабудавана самая высокая вежа – Дазорца (злева ад Шчытоўкі, назвы абедзвюх супадаюць з іх абарончымі функцыямі). Акрамя гэтага Меская і Калодзежная вежы з Малой брамай ўтваралі паміж сабой форбург – замкнёны замкавы двор, абнесены сценамі. Вось такі «веж карагод», як казаў Караткевіч, закружыўся ў танцы на нядоўгі час на 323 метрах над узроўнем мора, на адной з самых высокіх кропак у Беларусі…

Што было далей? – Праверка на трываласць гэтай адной з самых магутных фартэцый Вялікага княства: у XVI і XVII стст. сюды неаднаразова наведваюцца крымскія татары і маскоўскія «браты-славяне». У ходзе крывавай маскоўскай кампаніі 1655 г. гэты «веж карагод» страціў некаторых сваіх «танцораў»: былі моцна пашкоджаны форбуржныя і Пасадская вежы. Канчаткова чырвона-агністы архітэктурны танец спынілі шведы ў 1706-м... Малюнак, які зрабіў Напалеон Орда паўтара стагоддзя таму, адлюстроўвае тое, што можам бачыць сёння і мы: «аскепкі» Шчытоўкі і Касцельнай вежы ўзвышаюцца над фарным касцёлам і хатамі каля падножжа Замчышча...

…У час, калі апошні кашталян назаўжды выходзіў з замкавых сценаў7, над Віленскім кафедральным касцёлам, дзе пахаваны вялікі Вітаўт, цэлую гадзіну кружляла зграя груганоў у шэра-чорным навальнічным воблаку. А ў ваколіцах Наваградка, на старых могілках, навальнічны вецер пазломваў крыжы на пачарнелых ад часу надмагіллях. Старажылы потым казалі, што менавіта там ляжаць «лыцары», якія ссеклі свае мячы аб «рускія і тэж прускія шаломы», а таксама «мужычкі, каторыя цёгалі жвір на муры гэныя»...

Паміраў жарынкамі веж карагод...

Мой апошні агеньчык жаўрэў нежывы,

І коні калматыя білі лёд

Да замерзлай жоўтай травы.

І скакаў да брамы начны ганец,

І крычаў, што безліч крыжацкіх зграй,

Што ад сцюжы чужынскай і сцюжы сардэц

Памірае ўлюбёны край8.

Праз сто год пасля апошняга замыкання брамы закрываточыў абраз Маці Божай Наваградскай. А яшчэ праз сто – у небе ўзышла зорка, якую (таксама праз сто год!) астраномы назвалі «Castele magnus Patriae». Потым маятнік часу зноў адлічыў сто год з лішкам – і халодным дажджлівым лістападам ля чырвона-цагельных сценаў апынуўся Уладзімір Караткевіч. А было так: паехаў у камандзіроўку і, плюнуўшы на перспектыву начаваць у самоце ў правінцыйным райцэнтраўскім гатэлі, рушыў да старых муроў. Як заўжды, крыху летуценны, блукаў замкавым падворкам... І раптам – пачуў скрыгат металу, што халодзіць скуру на спіне. Азірнуўся: думаў – прывід. Але дзе там! – наўпрост на яго рушыла абмундзіраваная конніца, цяжка грукаючы падковамі адборных тарпанаў9… Што было потым, не ведае ніхто. Пісьменнік толькі намёкамі, у блізкіх сяброўскіх колах распавядаў пра сёе-тое, але адразу пачынаў хвалявацца, губляўся (што яму было зусім не ўласціва) і ўрэшце зводзіў усё на жарт. А для шырокай публікі пакінуў невялікі верш «Прысенне зімы»:

Наваградак. Золь. Прысенне зімы.

Рунь і дрэвы мараць аб цёплых снягах.

О, якая самота гатэльнай турмы!

Векавая якая туга!

Крыжацкай навалай з паўночных меж

Падпаўзае пад стромы зіма,

На схілах чыгунная чырвань веж

Прамерзла да сэрца амаль.

Вецер з цемры польнай, бы ўдар ляза,

Бадзякі зіхацяць як шкло...

Як жа ім халодна, чарцячым князям,

У іхніх загонах было!

>адсутны фрагмент гл. вышэй<

Ноч... Гасцільня... Горад даўно апусцеў.

У вежах пяць стагоддзяў, як згаслі агні,

І вецер у вокны лісце мяце,

Прамерзлае – аж звініць.

Уначы ірвецца дрымоты ніць...

Як удар.

Бо прыпомніў у сне,

Што Свіцязь, у нетрах забытая, спіць...

Караткевіч вельмі любіў Свіцязь. Казаў, што па другім прышэсці Збавіцеля архангел Міхал (а менавіта яго наваградцы з XVI ст. старанна вымалёўваюць на сваім гербе) будзе сваімі вагамі чэрпаць ваду са Свіцязі, каб патапіць дамы тых, хто бурыў без патрэбы наваградскую крэпасць, а таксама дамы людзей тутэйшых, якія маглі штосьці зрабіць для ўратавання радзімы – і не зрабілі.

Аўтар артыкула шчыра верыць, што чытачы «АіС» не падпадаюць ні пад адну з названых катэгорый і шчасліва пазбегнуць таго, пра што пісаў наш класік. Спадзяемся, гэтая бяда не напаткае і айчыннае Міністэрства культуры, якое прыняла рашэнне аб адкрыцці ўсіх замкавых парэштак (пад зямлёй сёння знаходзяцца муры вышынёй не меней як 3 метры) і ўтварэнні экспазіцыі пад адкрытым небам. Што ж, шляхетная ідэя, але абяцаны дзяржаўцамі на гэтае лета ПАЗік з археолагамі так і не выехаў з Мінска і, як стала вядома, ужо не выедзе сёлета. Абы не здранцвець канчаткова ў гэтым чаканні...

1 Тут і далей у артыкуле мы выкарыстоўваем старабеларускі варыянт назвы горада.

2 Уладзімір Караткевіч, з апавядання «Скрыпка дрыгвы».

3 Гераіня аднайменнай паэмы Адама Міцкевіча, якая, каб абараніць Наваградак ад нямецкага нашэсця, апранула даспехі хворага мужа і сама павяла дружыну ў бой.

4 «Капец Міцкевіча» – курганны насып на т. зв. Малым замку побач з Замкавай гарой.

5 Тут і далей фактаграфічная інфармацыя ўзята з кнігі Фрыды Гурэвіч «Летапiсны Новгородок (старажытнарускi Наваградак)» (СПб., Навагрудак, 2003), а таксама з артыкулаў «Новагародскі замак» Валянціна Собаля і «Новагародак» Мікалая Гайбы (Энцыклапедыя ВКЛ: У 2 т. Т. 2. – Мн., 2006).

6 Галіцка-Валынскае княства – магутная феадальная дзяржава, якая існавала ў XII–XIV стст. і займала тэрыторыю сучаснай заходняй Украіны, паўднёва-заходняй Беларусі і паўднёва-ўсходняй Польшчы.

7 Як сведчаць археалагічныя раскопкі, актыўнае жыццё ў замку спынілася ў 1536 г.

8 Ул. Караткевіч. Прысенне зімы.

9 Тарпаны – продкі сучасных «лёгкіх» коней, надзвычайна моцныя, трывалыя і непатрабавальныя, з-за чаго іх выкарыстоўвалі ў конніцы ВКЛ.

Iлюстрацыi прадстаўлены
гiсторыкам Сяргеем Казаком

 

 

 

 

Читайте также
12.04.2005 / просмотров: [totalcount]
Авторский коллектив Смирнова Л.Н. — зам. директора по архитектуре, руководитель Шулаева Е.Л. — главный архитектор проекта Семенкевич...
14.12.2006 / просмотров: [totalcount]
В самом центре восточного Полесья, на своеобразном “острове” посреди бескрайних болот находится старинное белорусское местечко Юровичи....
26.03.2008 / просмотров: [totalcount]
Растянувшийся более чем на 16 километров вдоль реки Сож Кричев известен прежде всего своим градообразующим предприятием – Кричевцементношифер,...